Для навучэнцаў ДУА «Сярэдняя школа № 27 г.Мінска» праведзена аглядная экскурсія па будынку былога кляштара бернардзінцаў (касцёл Святога Язэпа), у якім цяпер размяшчаецца БДАМЛМ. Будынак з'яўляецца адным з нямногіх помнікаў барока XVII ст. ў Мінску.
Падчас экскурсіі школьнікі прагуляліся па будынку архіва, звярнулі ўвагу на захаваныя дэкаратыўныя элементы і іншыя ўнікальныя артэфакты гістарычнага будынка. Кожны ўдзельнік экскурсіі змог акунуцца ў займальны свет гісторыі і архітэктуры роднага горада, пачуць цікавую інфармацыю аб асветніцкай дзейнасці бернардзінцаў (пры касцёле ў былыя часы размяшчаліся школа і бібліятэка).
Супрацоўнік аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ Наталля Аляксандраўна Мізон расказала дзецям пра тое, якія фонды размяшчаюцца ў архіве-музеі, пра асаблівасці захоўвання каштоўных дакументаў і музейных прадметаў, пра дзейнасць архівістаў, якія ажыццяўляюць работу па захаванні і перадачы спадчыны беларускай літаратуры і культуры будучым пакаленням. Школьнікі даведаліся пра тое, што архіў змяшчае асабістыя лісты і дзённікі знакамітых пісьменнікаў, мастакоў і кампазітараў.
Акрамя таго, навучэнцы наведалі выставу ў чытальнай зале БДАМЛМ, прысвечаную 100 – годдзю народнага пісьменніка Беларусі Васіля Уладзіміравіча Быкава. Прадстаўленыя на выставе матэрыялы адлюстроўваюць жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Пасля экскурсіі школьнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі і выказалі падзяку супрацоўнікам БДАМЛМ.