6 жніўня 2024 года для навучэнцаў ДУА «Сярэдняя школа №127 г.Мінска» праведзена аглядная экскурсія па былым касцёле бернардзінцаў (або касцёле Святога Язэпа), у якім цяпер размяшчаецца БДАМЛМ. Будынак з'яўляецца адным з нямногіх помнікаў барока XVII стагоддзя ў Мінску. Падчас экскурсіі школьнікі прайшліся па будынку архіва, звярнулі ўвагу на захаваныя дэкаратыўныя элементы і іншыя ўнікальныя артэфакты гістарычнага будынка. Кожны ўдзельнік экскурсіі змог паглыбіцца ў займальны свет гісторыі і архітэктуры роднага горада, пачуць цікавую інфармацыю аб адукацыйнай дзейнасці бернардзінцаў (пры касцёле ў былыя часы размяшчаліся школа і бібліятэка).
Работнік аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ Біруля Вера Валянцінаўна расказала дзецям пра тое, якія фонды знаходзяцца ў архіве, пра асаблівасці захоўвання каштоўных дакументаў і музейных прадметаў, пра дзейнасць архівістаў, якія клапоцяцца аб захаванні і перадачы спадчыны беларускай літаратуры і культуры будучым пакаленням.
Пасля экскурсіі школьнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі пра наведванне БДАМЛМ.