17.09.2025

Работнікі БДАМЛМ наведалі выставу ў ТЮГ да юбілею тэатра

16 верасня 2025 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі дакументальную выставу “Тэатр, дзе нараджаюцца мары”, якая прадстаўлена ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача (далей – ТЮГ) і прысвечана адкрыццю 70-га юбілейнага сезона “Заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь “Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача”.

 

БДАМЛМ прыняў удзел у стварэнні выставы і прадаставіў лічбавыя копіі афіш тэатра 1960-1970-х гг., якія размешчаны на тэматычнай экспазіцыі “Тэатральныя афішы скрозь час”.

Акрамя таго, на выставе можна убачыць кнігі пра заснаванне і дзейнасць тэатра, фатаграфіі будынка, матэрыялы, звязаныя з архітэктарамі будынка ТЮГа, літаратурныя крыніцы знакавых пастановак розных гадоў, а таксама палажэнні, загады, рэпертуарныя планы і іншыя. Прадстаўленыя матэрыялы дазваляюць прасачыць гісторыю развіцця ТЮГа, убачыць, як фарміраваўся яго рэпертуар і творчы калектыў.

Сучасны ТЮГ працягвае традыцыі папярэднікаў, захоўваючы сваю індывідуальнасць і асаблівую атмасферу творчасці. Тэатр прапануе насычаны рэпертуар як для дзяцей, так і для дарослых. Творчае майстэрства акцёраў і цікавыя пастаноўкі зноў і зноў пацвярджаюць, што і цяперашні ТЮГ застаецца тэатрам асаблівага прызначэння.

БДАМЛМ віншуе ТЮГ з юбілейным сезонам і рэкамендуе ўсім наведаць выставу “Тэатр, дзе нараджаюцца мары”. Гэта выдатная магчымасць дакрануцца да гісторыі беларускага тэатральнага мастацтва.