Выстава “Літаратары на ваенных шляхах” – плён супрацоўніцтва Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Калінінградскага абласнога гісторыка-мастацкага музея. У экспазіцыі прадстаўлены арыгінальныя прадметы 1940-х гадоў, якія распавядаюць пра побыт, творчую і грамадскую дзейнасць народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама іх родных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, выстава прадстаўляе франтавыя шляхі дзесяці пісьменнікаў і паэтаў, чый лёс звязаны з заснаваннем і развіццём Калінінградскай вобласці.
Падчас вернісажу работнікі БДАМЛМ перадалі ў дар музею Янкі Купалы кнігу “Породнённые войной и целиной” – сумесны зборнік дакументаў, лістоў, перакладаў і артыкулаў. Гэта выданне з’яўляецца вынікам плённага супрацоўніцтва БДАМЛМ, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Казахстана.
Наведванне выставы “Літаратары на ваенных шляхах” стала важным і цікавым вопытам для работнікаў БДАМЛМ, якія займаюцца захаваннем і папулярызацыяй літаратурнай спадчыны.

