30.05.2025

Работнікі БДАМЛМ наведалі сумесную выставу “Шляхам гадоў...” у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы

28 мая 2025 г. работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі выставу “Шляхам гадоў...” у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Гэтая выстава з'яўляецца сумесным праектам літаратурнага музея Янкі Купалы і БДАМЛМ, прысвечаным стагоддзю прысваення Янку Купалу высокага звання першага народнага паэта Беларусі.

 

Куратарскую экскурсію па выставе правяла загадчык аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Марыя Мікалаеўна Барткова, якая падрабязна расказала пра кожны экспанат і яго значэнне ў кантэксце жыцця і творчасці паэта.

Пачатак творчага шляху вялікага Песняра адлічваецца з 15 мая 1905 года (па юліянскім календары), калі ў газеце “Сѣверо-Западный край” з’явілася першая публікацыя пад псеўданімам “Я. Купала”. 28 мая – адна з юбілейных дат купалаўскай творчасці з нагоды публікацыі верша “Мужык”.

Асноўная ўвага выставы скіравана на 1925 год — важны этап у творчасці Янкі Купалы. 100 гадоў таму, 10 чэрвеня 1925 Урад Беларусі прыняў Пастанову аб наданні Яну Дамінікавічу Луцэвічу (Янку Купалу) імя Беларускага  народнага паэта. Сярод знакавых экспанатаў — аўтографы верша “Шляхам гадоў”, фотаздымкі паэта таго часу, а таксама кнігі-юбіляры: пяты зборнік паэзіі “Безназоўнае” і першы том “Збору твораў” — першага збору твораў у гісторыі беларускай літаратуры, выдадзенага ў ліпені–жніўні 1925 года.

У складзе выставы прадстаўлены дакументы з фондаў БДАМЛМ, якія дазваляюць глыбей зразумець жыццёвы і творчы шлях класіка.

Выстава “Шляхам гадоў…” будзе адчынена для наведвальнікаў у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы да 9 ліпеня 2025 года.