21.04.2025

Прэзентацыя зборніка “Беларускі архіў старажытных грамат” у 2-х частках у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны

18 красавіка 2025 года ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны адбылася прэзентацыя зборніка “Беларускі архіў старажытных грамат”, складзенага І.І. Грыгаровічам болей за 200 гадоў таму. Арганізатарам мерапрыемства выступілі Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) і кафедра філасофіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гомельскага ўніверсітэта.

 

Прэзентацыя выдання ў Гомелі мае важны і адначасова сімвалічны характар. Аўтар-укладальнік Іван Іванавіч Грыгаровіч (1792-1852) быў праваслаўным святаром і тэолагам, лёс якога быў шчыльна звязаны з Гомелем. Тут ён працаваў рэктарам духоўнага вучылішча і стаў актыўным чальцом Румянцаўскага гуртка, нефармальнага аб’яднання гісторыкаў, арганизаваным мецэнатам М.П.Румянцавым. Удзел у гуртку раскрыў яго таленты археографа і гісторыка.

У прэзентацыі прынялі ўдзел А.А.Макаранка, дырэктар БДАМЛМ, С.А.Чарапко, дэкан факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый, М.Ф.Шумейка, прафесар кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ. Мерапрыемства выклікала значную цікавасць сярод выкладчыкаў і студэнтаў-гісторыкаў Гомельскага ўніверсітэта, прадстаўнікоў іншых устаноў адукацыі горада Гомеля, а таксама Гомельскай праваслаўнай епархіі.

Публікацыя “Беларускага архіва старажытных грамат” з'яўляецца значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі. Зборнік уяўляе сабой першы археаграфічны збор дакументаў па гісторыі Беларусі XVI-XVIII стагоддзяў. Выданне будзе цікава даследчыкам, выкладчыкам, студэнтам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі. БДАМЛМ спадзяецца, што выданне будзе спрыяць далейшаму вывучэнню і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны.

https://www.gsu.by/ru/node/8652

https://newsgomel.by/authors/ID/?USER_ID=1810