20.12.2025

Прэзентацыя выставы і юбілейны канцэрт “Маэстра беларускай музыкі” — да 135-годдзя з дня нараджэння М.Аладава

19 снежня 2025 г. у Дзяржаўнай ўстанове адукацыі “Дзіцячая музычная школа мастацтваў №2 імя М.І.Аладава г.Мінска” адбылася прэзентацыя выставы “Маэстра беларускай музыкі” і юбілейны канцэрт, прысвечаныя 135-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, аднаго з заснавальнікаў беларускай кампазітарскай школы і музычнай адукацыі Мікалая Ільіча Аладава.

 

Таленавіты кампазітар, грамадскі дзеяч, дырыжор, педагог М.Аладаў адыграў значную ролю ў развіцці нацыянальнай культуры. З 1924 года яго жыццё і творчасць непарыўна звязаны з Беларуссю. Ён з’яўляецца аўтарам першых у беларускай музыцы драматычных і лірыка-псіхалагічных сімфоній. Музычная спадчына кампазітара налічвае болей за 500 твораў розных жанраў: яму належаць оперы – “Тарас на Парнасе” і “Андрэй Касценя”, араторыя, кантаты, 10 сімфоній, камерна-інструментальныя і вакальныя цыклы. М.Аладаў займаўся мастацкай апрацоўкай беларускіх народных песень, зборам вакальнага фальклору.

За амаль паўстагоддзя педагагічнай працы ў Белмузтэхнікуме і кансерваторыі М.Аладаў падрыхтаваў цэлую плеяду вядомых кампазітараў, музыказнаўцаў, музыкантаў, сярод якіх У.Алоўнікаў, А.Багатыроў, Н.Сакалоўскі, С.Нісневіч, Д.Жураўлёў, І.Жыновіч,  А.Русак і інш.

Экспазіцыю выставы “Маэстра беларускай музыкі” прадставіла вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) Т.Анпілогава. Яна падкрэсліла, что акрамя архіўных матэрыялаў з фонду М.Аладава на выставе экспануюцца дакументы з фондаў іншых дзеячаў культуры, а таксама копіі дакументаў, перададзеных архіву-музею дачкой кампазітара Радаславай Мікалаеўнай Аладавай у нядаўні час. Гэта рукапісы, нотныя выданні, лісты, службовыя дакументы і біяграфічныя матэрыялы, успаміны і фотаздымкі. Усе гэтыя дакументы сведчаць аб каштоўнасці ўнёску кампазітара ў скарбніцу беларускай музыкі.

У межах навагодняй дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы” падчас прэзентацыі выставы “Маэстра беларускай музыкі” адбылася экскурсія для групы наведвальнікаў з ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Завадскога раёна г.Мінска”.

У завяршэнні ўрачыстага мерапрыемства адбыўся святочны канцэрт. У выкананні таленавітых навучэнцаў і выкладчыкаў дзіцячай музычнай школы прагучалі музычныя творы маэстра Аладава.