Экспазіцыю прадставіла вядучы архівіст Таццяна Аляксандраўна Анпілогава. Экспанатамі сталі матэрыялы з асабістага фонду акцёра – фатаграфіі ў ролях, тэксты роляў, выкананыя акцёрам; фатаграфіі сцэн са спектакляў і кіно з яго ўдзелам; успаміны і рэцэнзіі; ганаровыя граматы, падзякі, віншаванні дзяржаўных устаноў і афіцыйных асоб Беларусі і Расіі.
На мерапрыемстве прысутнічалі прыхільнікі таленту Расціслава Іванавіча, яго калегі і сябры. Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага (далей – НАДТ ім.Горкага) Сяргей Кавальчык, акцёры, якія працавалі з Янкоўскім на адной сцэне: Ганна Маланкіна, Аксана Лясная, Вераніка Пляшкевіч і Андрэй Сенькін. Ушанавалі памяць акцёра і блізкія сябры сям'і: кіназнаўца, у мінулым дырэктар Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” Валянціна Аляксееўна Сцяпанава, загадчык музычнай часткі НАДТ ім. Горкага Аляксей Еранькоў і рэжысёр-пастаноўшчык Валянціна Еранькова.
З прывітальным словам выступіла дырэктар БДАМЛМ Алена Аляксандраўна Макаранка. Яна распавяла аб супрацоўніцтве архіва з сям'ёй Янкоўскіх і падкрэсліла ўнікальнасць прадстаўленых на выставе матэрыялаў.
Вечар прайшоў у цёплай, душэўнай атмасферы. Акцёры дзяліліся сваімі ўспамінамі аб сумеснай працы з Расціславам Янкоўскім, распавядалі пра яго выключным таленце, чалавечнасці, пачуцці гумару. Іх словы сталі жывым сведчаннем вялікага ўнёску Расціслава Іванавіча ў беларускае мастацтва і памяці пра яго, як пра выдатнага чалавека.
Выстава ў БДАМЛМ – гэта магчымасць дакрануцца да творчай спадчыны Расціслава Янкоўскага, убачыць рэдкія фатаграфіі, лісты, дакументы, што адлюстроўваюць яго яркае жыццё і талент. Экспазіцыя адчынена для наведвання ў чытальнай зале БДАМЛМ.