10.03.2026

Прэзентацыя выставы да 130-годдзя Кандрата Крапівы ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь

10 сакавіка 2026 г. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прэзентаваў  літаратурна-дакументальную выставу «Дакументы Кандрата Крапівы ў фондах БДАМЛМ: да 130-годдзя народнага пісьменніка»  ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Куратар выставы, загадчыца аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Вера Валянцінаўна Біруля, пазнаёміла прысутных з экспазіцыяй. Яна падкрэсліла, што, нягледзячы на ​​адсутнасць асабістага фонду Кандрата Крапівы, у архіве-музеі ў іншых фондах вядомых літаратараў, літаратуразнаўцаў, тэатральных дзеячаў і мастакоў захоўваецца больш за 500 дакументаў, звязаных з народным пісьменнікам. Для выставы былі адабраны найбольш важныя з іх.

Выстава, размешчаная ў пяці тэматычных вітрынах, ахоплівае біяграфічныя звесткі пісьменніка, яго працу падчас Вялікай Айчыннай вайны, сямейнае жыццё, драматургічную дзейнасць, грамадскія і сяброўскія адносіны. Экспазіцыю дапаўняюць фотапартрэты і гумарыстычныя шаржы, якія дазваляюць ўбачыць Крапіву з розных бакоў.

Прадстаўленыя дакументы выклікалі шчырую зацікаўленасць прысутных. Літаратурна-дакументальная выстава «Дакументы Кандрата Крапівы ў фондах БДАМЛМ: да 130-годдзя народнага пісьменніка» – цудоўная магчымасць для аматараў беларускай літаратуры дакрануцца да жывой гісторыі, аддаць даніну памяці і павагі Кандрату Крапіве, чыя творчая спадчына працягвае натхняць новыя пакаленні.