13.03.2025

Прэзентацыя «Беларускага архіва старажытных грамат»

15 сакавіка 2025 года у 18:00 на Мінскім міжнародным кніжным кірмашы (пр. Пераможцаў, 14) адбудзецца прэзентацыя двухтомнага выдання «Беларускі архіў старажытных грамат», супольнага праекта Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

«Беларускі архіў старажытных грамат» — першы археаграфічны збор дакументаў па гісторыі Беларусі XVI—XVIII стст. Ён быў складзены беларускім гісторыкам і археографам Іванам Іванавічам Грыгаровічам (1792—1852). Першая частка збора была ўпершыню выдадзена ў 1824 годзе на грошы вядомага мецэната, графа М.П.Румянцава. Яе выданне 2025 года фактычна з'яўляецца рэпрынтным. У другой часткі збора іншы лёс. Яна не была надрукавана ў сувязі са смерцю мецэната. Рукапіс лічыўся згубленым і амаль выпадкова быў знойдзены ў 1950-х гадах ў прыватнай Юдзінскай бібліятэцы ў Краснаярску. У наш час арыгінал захоўваецца ў БДАМЛМ. У выданні 2025 года другая частка ўпершыню набывае кніжную форму.

Мэта выдання — ажыццявіць першапачатковую задуму І.І.Грыгаровіча і палегчыць доступ сучасных даследчыкаў да ўнікальных дакументаў, сабраных ім.

Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя. Уваход свабодны.