Аўтар прадмовы і каментароў, галоўны рэдактар – літаратуразнавец, кандыдат філалагічных навук, навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Віктар Жыбуль. Член рэдакцыйнай калегіі – дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка. Выданне заснавана на дакументах, якія захоўваюцца ў фондах архіва-музея.
Нямеччына часоў Першай сусветнай вайны. Рабочы фабрыкі электрапрыладаў Альфрэд Кляйн мабілізаваны на фронт. Ён праходзіць вайну ад пачатку і да канца, не разумеючы яе сэнсу і мэтаў, а потым далучаецца да рэвалюцыйных падзей. Ягоная дзяўчына Грэтхэн застаецца ў Берліне, страчвае працу і вымушана пайсці на панэль…
Аповесць напісана ў 1927 г. наватарскім для таго часу “фельетонна-футурыстычным” стылем. Месцы, падзеі, людзі, словы, думкі, спадзяванні – усё быццам бы зліваецца ў адзін шалёны вір-калейдаскоп, імя якому – вайна.
Аўтар, беларускі пісьменнік нямецка-рускага паходжання Алесь Гародня (Аляксандр Функ; 1899-1944), у сталінскія часы перажыў тры арышты і памёр у зняволенні.