27.11.2023

У БДАМЛМ прайшлі XХІ Архіўныя чытанні!

12 кастрычніка 2023 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыліся XХІ Архіўныя чытанні. Асноўная тэма канферэнцыі – “Юбіляры 2023 года: лёсы і спадчына праз прызму архіўных і музейных матэрыялаў”.

Усяго прыняло ўдзел 35 чалавек, сярод якіх былі навуковыя супрацоўнікі і даследчыкі з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, БНТУ, БДАМЛМ, НАРБ, БДАКФФД, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Лідскага гісторыка-мастацкага музея, Гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе", студэнты 2 і 4 курсаў па спецыяльнасці "Гісторыка-архівазнаўства" гістарычнага факультэта БДУ.

Прывітальнае слова ўзялі намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Алена Макаранка, ганаровы архівіст Рэспублікі Беларусь Ганна Запартыка, на пленарным пасяджэнні выступіў кандыдат гістарычных навук, прафесар кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Шумейка.

Праца секцый канферэнцыі была плённай і цікавай, закранала самыя розныя пытанні айчыннай гісторыі, літаратуры і культуры. Кіраўнікамі секцый былі прызначаны Алена Макаранка і Вольга Шаталава.

Падчас канферэнцыі адбылася прэзентацыя выставы “Закаханая ў творчасць”, прысвечаная З. Астаповіч-Бачаровай.

Галіна Скрыган, музыказнаўца, перадала БДАМЛМ на пастаяннае дзяржаўнае захоўванне дакументы свайго бацькі – беларускага пісьменніка, паэта, навеліста, нарысіста, публіцыста і крытыка Янкі Скрыгана і павіншавала ўсіх прысутных з Днём архівіста, які быў тыдзень назад.