На канферэнцыю сабраліся пераважна супрацоўнікі архіўных устаноў Мінска і Магілёва, гісторыкі, літаратуразнаўцы. Прысутных прывіталі першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Вольга Бірукова, кандыдат гістарычных навук, ганаровы архівіст Беларусі Уладзімір Адамушка і старшыня праўлення Беларускага таварыства архівістаў Міхаіл Скамарошчанка. Падчас пленарнага пасяджэння прагучаў даклад дацэнта БДУ Міхаіла Шумейкі “Личность в архиве, архив – в личности” і адбыўся паказ тэлесюжэта “Архивы – о проблеме сохранности национального достояния в архивах СНГ” (МТРК “Мир”, 2006 г.) з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.
Падчас працы секцый былі прадстаўлены даклады: “Пошукі і знаходкі В. У. Скалабана ў купала- і коласазнаўстве” (дакладчык Мар’яна Тумаш), “А. М. Міхальчанка як выкладчык” (Андрэй Латушкін), “Роля Уладзіміра Міхнюка ў вяртанні спадчыны беларускіх літаратараў” (Ганна Запартыка), “Актуальныя кірункі даследаванняў архіўных фондаў канфесіянальных устаноў Беларусі” (Зінаіда Антановіч), «Фонд “Белорусский Православный Священный Синод”: состав документов и их информационный потенциал» (Ілля Вішнеўскі), “Фонды беларускага радыё: да пытання захавання культурнай спадчыны краіны” (Уладзімір Трапянок), “Янка Брыль і Уладзімір Караткевіч: невядомыя старонкі пісьменніцкага дыялогу” (Валеры Назараў), “З гісторыі плагіяту ў беларускай літаратуры: па матэрыялах рускай секцыі Саюза пісьменнікаў БССР” (Раман Дубашынскі), “Іван Андрэевіч Кіслякоў – выбітны беларускі эканаміст і грамадскі дзеяч пачатку ХХ стагоддзя” (Алег Дзьячкоў), “Асабовая справа І. Серады як гістарычная крыніца” (Аляксандр Петухоў). Усе даклады былі цікавыя і змястоўныя, ніводны з іх не пакінуў прысутных абыякавымі.
Падчас канферэнцыі адбылося адкрыццё выставы “Гаворыць з векам Зоська Верас…”, прысвечанай 125-годдзю з дня нараджэння вядомай пісьменніцы, культурнай і грамадскай дзяячкі. У экспазіцыі прадстаўлены аўтографы, фотаздымкі і выданні З. Верас, у тым ліку створаныя на аснове дакументаў з фондаў БДАМЛМ.