06.10.2014

ХІІ Архіўныя чытанні, прысвечаныя 100-годдзю з пачатку Першай сусветнай вайны

6 кастрычніка 2014 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі ХІІ Архіўныя чытанні, асноўнай тэмай якіх была “Беларуская літаратура, мастацтва, культура і Першая сусветная вайна". У чытаннях узялі ўдзел супрацоўнікі БДАМЛМ, гісторыкі, літаратуразнаўцы.

З прывітальным словам выступілі дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Вольга Бірукова, дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Аляксандр Самовіч. Выступоўцы казалі пра адчувальны след, які пакінула Першая сусветная вайна ў гісторыі Беларусі і яе культуры, а таксама пра багатую адлюстраванасць гэтага перыяду ў архіўных дакументах. 

Кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка распавяла аб праблеме вяртання з эміграцыі дакументаў і рэчаў беларускіх пісьменнікаў. Некаторыя з іх былі ўрачыста перададзеныя архіву-музею падчас чытанняў і змешчаны на адмыслова падрыхтаванай невялікай выставе. Гэта, напрыклад, – рукапісы паэмы “Тэстамент” Уладзіміра Жылкі, фрагмент рукапісу паэмы “Безназоўнае” Янкі Купалы, а таксама нож для паперы, які таксама належаў народнаму паэту.

Акадэмік НАН Беларусі, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар Радзім Гарэцкі распавядаў пра вяртанне літаратурнай спадчыны свайго дзядзькі, вядомага пісьменніка Максіма Гарэцкага, і прэзентаваў архіву-музею новае выданне яго кнігі “На імперыялістычнай вайне”. Ганна Запартыка зрабіла агляд дакументаў перыяду Першай сусветнай вайны ў БДАМЛМ, асабліва засяродзіўшыся на фондзе сям’і Гарэцкіх і калекцыі дакументаў Музея імя Івана Луцкевіча. Старэйшы навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі Дзіяна Глазоўская пазнаёміла прысутных з інтэрнэт-праектам “Першая сусветная вайна на тэрыторыі Беларусі”, размешчаным на сайце “Архівы Беларусі”. Вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Віктар Жыбуль разгледзеў тэму Першай сусветнай вайны ў творчасці беларускага пісьменніка Алеся Гародні (1899 – 1944), а дацэнт БДУ Аксана Данільчык – у творчасці італьянскага пісьменніка Карла Эміліё Гадда (1893 – 1973).