26.05.2021

ХХІ Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 95-годдзю з часу заснавання літаратурнага згуртавання «Узвышша»

26 мая 2021 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі ХХІ Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 95-годдзю з часу заснавання літаратурнага згуртавання «Узвышша». У канферэнцыі ўзялі ўдзел супрацоўнікі БДАМЛМ, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Удзельнікаў чытанняў вітаў намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Аляксей Цвяткоў, які падкрэсліў важнасць архіўнай справы для захавання гістарычных і культурных набыткаў краіны. Дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка прэзентавала другі выпуск архіўна-літаратуразнаўчага альманаха «Аўтограф», падрыхтаваны супрацоўнікамі ўстановы.

На пленарным пасяджэнні магістр філалагічных навук Таццяна Лаўрык прадставіла віртуальны праект «На хвалі часу, у плыні жыцця», прысвечаны літаратурнаму згуртаванню «Маладняк» – «праект чатырох», які ствараецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі супольна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і часопісам «Маладосць». Дакладчыца распавяла пра старонкі, прысвечаныя пісьменнікам Уладзіміру Дубоўку, Кузьму Чорнаму, Яну Скрыгану і Змітраку Бядулю.

Цікавымі былі і наступныя даклады, некаторыя з якіх выклікалі ў зале жывую дыскусію: «Таемныя біёграфы Антона Адамовіча» (Наталля Гардзіенка), «Выпрабаванне несвабодай: Антон Адамовіч у 1910-я – 1940-я гг.» (Вольга Шаталава), «Лені Рыфеншталь беларускай паэзіі, або Сацыяльны заказ Яўгеніі Пфляўмбаўм» (Аксана Данільчык), «Кніга “Успаміны пра Змітрака Бядулю” (1988): да гісторыі падрыхтоўкі выдання» (Віктар Жыбуль), «Лакуны і эўфемічныя моўныя фігуры ў біяграфіях рэпрэсаваных пісьменнікаў у даведачнай літаратуры канца 1950-х – пачатку 1960-х гг.» (Міхаіл Бараноўскі), «“Самы культурны мастак Мінска”: Арон Касцялянскі як мастацкі крытык “Узвышша”» (Надзея Усава), «Чыгуначныя топасы ў беларускай паэзіі 1920–1930-х гг.» (Жанна Шаладонава), «К. Чорны, К. Крапіва, М. Лужанін. Былыя літаратары “Узвышша” ў жыцці Я. Брыля (на матэрыяле эпісталярыя пісьменніка)» (Валерый Назараў), «Прыклад “Узвышша” як фактар палітыкі партыі ў галіне мастацкай літаратуры» (Ганна Запартыка).

Да 95-годдзя «Узвышша» было прымеркавана і адкрыццё выставы «З сусветам тады загаворыш!..». Галоўная яе тэма – удзел суполкі ў міжнародных літаратурных сувязях. На выставе экспануюцца пераклады замежных аўтараў, зробленыя ўзвышэнцамі, публікацыі ў перыядычным друку, матэрыялы перапіскі, фатаграфіі.