10.07.2026

Круглы стол «З архіваў часу. Невядомы вядомы мастак Васіль Быкаў»

9 ліпеня 2026 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбыўся круглы стол «З архіваў часу. Невядомы вядомы мастак Васіль Быкаў», арганізаваны сумесна з навукова-метадычным журналам «Роднае слова».

З уступным словам да прысутных звярнулася дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка, якая падкрэсліла важнасць сувязей і плённага супрацоўніцтва паміж архівам-музеем і навуковымі выданнямі.

Мадэратарам сустрэчы выступіла галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Н.М.Шапран. Удзельнікі круглага стала абмеркавалі актуальныя архіўныя даследаванні, якія публікуюцца на старонках гэтага выдання. Асноўны спікер мерапрыемства С.У.Шапран прадставіў унікальную працу аб мастацкай спадчыне Васіля Быкава. Тэмамі яго выступлення сталі захаванасць франтавых малюнкаў пісьменніка і яго ілюстрацыі на старонках газеты «Гродзенская праўда» ў другой палове 1940-х і ў 1950-х гадах. Даследчык распавёў, якія лекцыі па выяўленчым мастацтве занатоўваў будучы літаратар і каго са славутых жывапісцаў ён капіраваў. Асобная ўвага была нададзена сяброўскім шаржам В.Быкава на А.Адамовіча, Р.Барадуліна, Н.Гілевіча, У.Караткевіча, а таксама прыязным кпінам мастакоў-графікаў з самога пісьменніка і яго апошнім малюнкам.

У працы круглага стала прынялі ўдзел супрацоўнікі архіўных і музейных устаноў, даследчыкі беларускай літаратуры, мастацтвазнаўцы. Сваімі ўспамінамі пра В.Быкава падзяліліся вядомыя эксперты.  Г.В.Запартыка паведаміла пра тое, як пісьменнік прымаў непасрэдны ўдзел у працы БДАМЛМ. Прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства Я.Ф.Шунейка прыгадаў перыяд працы В.Быкава ў Гродне, адзначыўшы яго сціплыя паводзіны ў жыцці і ўменне прыцягваць да сябе людзей. Вядучы архівіст БДАМЛМ Т.В.Кекелева прадставіла выставу арыгінальных графічных работ пісьменніка на адваротным баку рукапісных старонак з фонда В.Быкава.

Знакавай падзеяй сустрэчы стала перадача ў фонды БДАМЛМ дакументаў гродзенскага архіва Васіля Быкава, у тым ліку яго раней невядомых графічных прац.