18 чэрвеня 2026 года вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) Наталля Аляксандраўна Мізон прыняла ўдзел у здымках сюжэту для тэлеканала “АНТ”, прысвечанага Дню памяці класіка рускай літаратуры Максіма Горкага (Аляксея Максімавіча Пешкава). Максім Горкі адным з першых звярнуў увагу на творчасць геніяў беларускай літаратуры – Янкі Купалы і Якуба Коласа, быў сябрам Адама Багдановіча, бацькі славутага паэта Максіма Багдановіча, бачыў першыя творчыя крокі будучага аўтара «Вянка».
Падчас здымак Наталля Аляксандраўна распавяла пра каштоўныя дакументы з сямейнага збору Багдановічаў, якія ілюструюць блізкія стасункі паміж Адамам Ягоравічам і Максімам Горкім. Сярод унікальных дакументаў, якія захоўваюцца ў фондах архіва-музея, асаблівае месца займае фотаальбом сям’і Багдановічаў. У ім зберагаецца каштоўны фотаздымак Максіма Горкага разам з жонкай Кацярынай Пешкавай з дароўным подпісам сям’і Багдановічаў. Гэты рарытэт нагадвае і пра сваяцкія сувязі: Кацярына Пешкава і Аляксандра Волжына (жонка Адама Багдановіча) былі роднымі сёстрамі. Яшчэ адным унікальным сведчаннем блізкасці паміж сем’ямі з’яўляецца асабісты пропуск Адама Ягоравіча Багдановіча на пахаванне Максіма Горкага, якое адбылося на Краснай плошчы ў Маскве.
Спасылка на сюжэт: https://ont.by/ru/culture-ru/view/vystavka-iz-nizhnego-novgoroda-i-kuratorskaja-ekskursija-kak-v-minske-pochtili-pamjat-maksima-gorkogo-320511-2026/

