11.06.2026

БДАМЛМ вітае новага фондаўтваральніка

10 чэрвеня 2026 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылася сустрэча з дзяржаўным дзеячам Беларусі, паэтам і празаікам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі Іванам Арсеньевічам Карэнда, падчас якой было дасягнута пагадненне аб перадачы яго дакументаў у архіў-музей.

І.А.Карэнда нарадзіўся ў 1950 г. у вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Па прафесіі – філолаг і журналіст. Працаваў настаўнікам у Шчучынскім раёне, у газеце “Чырвоная змена”, камсамольскім і партыйным камітэтах, органах дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь. У 2001-2003 гг. з’яўляўся памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь –начальнікам Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Больш за 10 гадоў працаваў у Маскве ў Выканаўчым Камітэце Садружнасці Беларусі і Расіі, Выканаўчым Камітэце Саюза Беларусі і Расіі, Пастаянным Камітэце Саюзнай дзяржавы, Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. У 2008 годзе скончыў дзяржаўную службу і выйшаў у адстаўку.

І.А.Карэнда аўтар зборнікаў лірыкі “Белы наліў”, “Знічка”, “Васількі надзеі”, “Вочап”, “Пад зорным небам верасня”, паэтычных кніг для дзяцей “На загадкі ёсць адгадкі”, “Ёж иголки продавал”, кнігі прозы “Воплаўская госця” і інш.

На вершы І.А.Карэнды кампазітары І.Лучанок, В.Раінчык, Д.Далгалёў, А.Чыркун і інш. напісалі больш за 30 песень.

За шматгадовую грамадскую дзейнасць па захаванні міжнацыянальнай і міжрэлігійнай згоды, за значны асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне сяброўскіх адносін і супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй, актыўную грамадскую дзейнасць на карысць горада Іўе і Іўеўскага раёна Іван Арсеньевіч быў удастоены звання Ганаровы грамадзянін Іўеўскага раёна.