29.05.2026

Удзел БДАМЛМ у прэзентацыі кнігі М.В.Труса “Якуб Колас у Парыжы. 1935 год»

28 мая 2026 года дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва А.А.Макаранка прыняла ўдзел у прэзентацыі кнігі даследчыка беларускай літаратуры – сябра архіва-музея Мікалая Валянцінавіча Труса “Якуб Колас у Парыжы. 1935 год».

Прэзентацыя адбылася ў сценах мемарыяльнага музея, дзе жыў і працаваў Якуб Колас. Павіншаваць аўтара прыйшлі прадстаўнікі выдавецтва “Беларусь”, рэдакцыі “Роднае слова”, вядомыя беларускія дзеячы і інш. Пра ролю архіўных устаноў у захаванні гістарычнай памяці выступіла і А.А.Макаранка. Пры напісанні кнігі былі скарыстаны архіўныя матэрыялы з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва (г. Масква).

Кніга ўяўляе сабою ўнікальную архіўную рэканструкцыю візіту беларускага класіка ў сталіцу Францыі на Міжнародны кангрэс пісьменнікаў у абарону культуры. У ёй прадстаўлены не толькі даклад Якуба Коласа, перакладзены на рускую, французскую і нямецкую мовы, а таксама шэраг унікальных візуальных матэрыялаў – фатаграфіі, лісты і нататкі таго перыяду, якія дазваляюць па-новаму зірнуць на два эсэ пісьменніка пра яго паездку ў французскую сталіцу і скласці панарамны агляд значнай падзеі ў культурным жыцці міра.