23 красавіка 2026 года дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) А.А.Макаранка прыняла ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 120-годдзю з дня заснавання дзяржаўнай установы “Сярэдняя школа № 4 г. Мінска” – партнёра архіва-музея.
Павіншаваць кіраўніцтва і педагагічны склад школы таксама прыехалі Начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.М.Ліпніцкі, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці М.А.Ільіна, кіраўнікі і іх прадстаўнікі Адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска, настаяцель прыходу храма-помніка Усіх Святых у Мінску Фёдар Поўны і інш.
Сярэдняя школа №4 з'яўляецца найстарэйшай школай у г. Мінску. У 1906 годзе прыватнымі прадпрымальнікамі С.П.Зубакіным і К.А.Фальковічам была адкрыта “Мінская прыватная паўнапраўная мужчынская гімназія”. Яна знаходзілася на месцы сучаснага будынка гістарычнага факультэта БДУ (вул. Чырвонаармейская, 6). У 1918 годзе яна была рэарганізавана ў школу № 4 другой ступені, у 1920 годзе – падзелена на школу № 70 першай ступені і школу № 4 другой ступені, потым пераўтворана ў сямігадовую. У 1936 г. установа атрымала для сваёй працы будынак па вуліцы Чырвонаармейскай, 11, што быў спраектаваны і пабудаваны ў межах праграмы новай забудовы вул. Кірава, разам з узведзеным у той жа перыяд Домам Піянераў і комплексам Ленінскай бібліятэкі, па праекце архітэктара Герасіма Якушкі. У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак школы быў цалкам разбураны, у пасля ваенны перыяд адноўлены і працягваў працаваць яшчэ не адзін дзясятак гадоў. 1 верасня 2025 года пасля маштабнай рэканструкцыі школа зноў адчыніла свае дзверы.
БДАМЛМ сардэчна віншуе нашых партнёраў – кіраўніцтва, педагагічны калектыў і вучняў школы з нагоды 120-годдзя з дня заснавання. Шчыра зычыць школе росквіту, а калектыву – невычэрпнай энергіі, здароўя і таленавітых вучняў! І чакае рэалізацыі новых сумесных праектаў!

