15 красавіка 2026 года дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) А.А.Макаранка прыняла ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларускі літаратурны працэс: традыцыі і сучаснасць». Навуковы форум прысвечаны знакавай даце — 95-годдзю Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы (філіяла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай академіі навук (далей – НАН) Беларусі).
З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі звярнулася дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі В.М.Папко, якая адзначыла важнасць фундаментальнай навукі ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці.
У сваім выступленні А.А.Макаранка падкрэсліла шматгадовае і плённае супрацоўніцтва паміж архівам-музеем і акадэмічнай навукай. Яна адзначыла, што менавіта на сутыку архіўнай справы і літаратуразнаўства нараджаюцца глыбокія даследаванні.
У якасці сімвалічнага падарунка да юбілею ўстановы Алена Аляксандраўна перадала Інстытуту экзэмпляр прадстаўнічага выдання БДАМЛМ – «Скарбніца нацыянальнай літаратуры і мастацтва». Гэта кніга з’яўляецца своеасаблівым адлюстраваннем багацця фондаў архіва-музея.
Урачыстым момантам стала ўручэнне падзяк супрацоўнікам Інстытута, якія ўносяць значны ўклад у сумесную працу і актыўна ўзаемадзейнічаюць з БДАМЛМ у галіне вывучэння архіўнай спадчыны. Сярод узнагароджаных малодшы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Д.М.Дрозд і навуковы супрацоўнік аддзела выданняў і тэксталогіі В.Ф.Назараў.
Удзел БДАМЛМ у такіх мерапрыемствах яшчэ раз пацвярджае непарыўную сувязь паміж захавальнікамі дакументальнай спадчыны і навукоўцамі, якія ператвараюць архіўныя здабыткі ў здабытак усёй краіны. У калектываў наперадзе яшчэ шмат сумесных праектаў, накіраваных на папулярызацыю беларускага слова.

