2 красавіка 2026 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбылося адкрыццё мастацка-дакументальнай выставы “Горнымі дарогамі. Каўказ”, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння мастака-жывапісца, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Барыса Аракчэева.
Прызнаны майстар рэалістычнага мастацтва, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Барыс Аракчэеў выяўляе ў сваіх палотнах манументальнасць вобраза, веліч і сілу чалавека. Ім створаны ўнікальныя серыі карцін, прысвечаныя ваеннаму ліхалеццю і працоўным пасляваенным будням. Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, музеях і мастацкіх галерэях краіны, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі і іншых краін.
На адкрыцці выставы “Горнымі дарогамі. Каўказ” выступіла загадчыца аддзела архіваў арганізацый і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду Марыя Пышынская, якая распавяла аб пачатку стварэння сямейнага фонду Аракчеевых, падкрэсліўшы каштоўнасць перададзеных матэрыялаў і важнасць іх захавання. Генадзь Сівохін, старшы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, падзяліўся вопытам арганізацыі мастацкай экспазіцыі карцін Барыса Аракчэева, прысвечанай Заслаўю.
Вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Таццяна Анпілогава пазнаёміла прысутных з архіўнымі дакументамі і біяграфічнымі матэрыяламі, якія сведчаць аб творчым шляху мастака. Вобразную частку выставы, якая складаецца з эскізаў, створаных падчас двух паездак Барыса Уладзіміравіча на лячэнне ў Дом мастакоў у Хосце, прадставіла дачка майстра Аксана Аракчэева. Яркія і сакавітыя па колеры, яны моцна адрозніваюцца ад беларускіх пейзажаў. Горы і мора, кіпарысы і магноліі – усё гэта нова, незвычайна для палітры мастака.
Госці юбілейнага мерапрыемства атрымалі магчымасць пабачыць унікальныя творы Барыса Аракчэева, пачуць успаміны яго дачкі, праз архіўныя дакументы пазнаёміцца з творчасцю майстра, які зрабіў вялікі ўклад ў развіцце сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі.

