Экспазіцыя займае дзве залы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і раскрывае творчы свет пісьменніка, яго жыццёвы і мастацкі шлях праз зварот да казачнай прозы, а таксама прадстаўляе яго выяўленчую спадчыну.
Наведвальнікі пабачаць багатую калекцыю фотаздымкаў, кнігі аўтара, афішы спектакляў паводле яго твораў, ліставанне, уласныя малюнкі Караткевіча, а таксама ілюстрацыі да яго твораў беларускіх мастакоў – Пятра Драчова, Юрыя Зайцава, Валерыя Славука і іншых.
Сярод асабістых рэчаў пісьменніка на выставе можна пабачыць пазнавальныя прадметы яго адзення, партфель, гадзіннік, аксэсуары для палення, кубак, якім ён карыстаўся падчас апошняй вандроўкі ў 1984 годзе, шматлікія сувеніры, у тым ліку фігуркі чорцікаў з яго знакамітай калекцыі.
Дапаўняюць шэраг экспанатаў скульптурныя выявы Уладзіміра Караткевіча аўтарства Льва і Сяргея Гумілеўскіх.
Выстава будзе цікава шырокаму колу наведвальнікаў: школьнікам, студэнтам філалагічных факультэтаў, педагогам і прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, даследчыкам і аматарам беларускай літаратуры. Выстава будзе працаваць да 1 сакавіка 2026 года.

