16.05.2023

Запрашаем далучыцца да міжнароднай акцыі “Ноч музеяў – 2023”

Запрашаем 20 мая 2023 года з 18:00 да 23:00 у Літаратурны музей Петруся Броўкі на “Ноч музеяў – 2023: Рытмы”.

У гэтым годзе мерапрыемства прысвечана часу маладосці герояў выставы “Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!..” (пра шматгадовае сяброўства і творчае супрацоўніцтва Петруся Броўкі і Пятра Глебкі, падрыхтаванай сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва) – 1920-м гадам. Прапануем акунуцца ў рытмы цікавай і неадназначнай эпохі, якая незваротна змяніла наш сусвет.

У праграме вечара запланавана лекцыя вядучага навуковага супрацоўніка Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, кандыдата філалагічных навук Віктара Жыбуля “ТАВІЗ: па слядах легендарнага літаб’яднання” (пачатак а 18.00).

Больш падрабязна пра мерапрыемства, праграму вечара і квіткі можна даведацца на сайте музея.

А калі вас цікавяць сувязі славутага расійскага пісьменніка Льва Мікалаевіча Талстога, а таксама ўплыў яго творчасці на беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя – запрашаем 20 мая на Ноч музеяў у Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. На выставе “Талстой і Беларусь” вы можаце азнаёміцца з некаторымі дакументамі са збораў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.