05.05.2023

Работнікі архіва-музея наведалі Нацыянальную кінастудыю «Беларусьфільм»

4 мая 2023 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва наведалі Нацыянальную кінастудыю “Беларусьфільм”.

Архівісты пазнаёміліся з музейнай экспазіцыяй, дзе прадстаўлены дасягненні айчыннага кінематографа, здымачнае абсталяванне розных перыядаў, рэквізіт са здымак вядомых фільмаў «Девочка ищет отца», «Белые росы» і інш.

Падчас агляднай экскурсіі работнікі архіва-музея наведалі здымачныя павільёны і даведаліся пра падрабязнасці працы рэжысёраў, мастакоў-дэкаратараў, піратэхнікаў. Пабачылі цэхі, дзе захоўваюцца калекцыі касцюмаў, галаўных убораў, мэблі, розных рэчаў, зброі.

Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” з’яўляецца крыніцай камплектавання Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Фонд кінастудыі налічвае каля 4500 спраў: рэжысёрскія і літаратурныя сцэнары, альбомы фотапроб, партытуры, справы фільмаў, пратаколы пасяджэнняў мастацкай рады і многія іншыя. У 2024 годзе, калі будзе адзначацца 100-годдзе кінастудыі, плануецца падрыхтоўка сумеснага выставачнага праекту.