13.04.2023

Адкрыццё выставы да 115-годдзя пісьменніцы і перакладчыцы Ядвігі Бяганскай

12 красавіка 2023 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы “Жыцця майго пожня”, прымеркаванай да 115-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы і перакладчыцы Ядвігі Бяганскай (1908-1992). Аснову выставы склалі дакументы асабістага фонду Я. Бяганскай, які захоўваецца ў архіве-музеі.

Распачала мерапрыемства намеснік дырэктара БДАМЛМ Алена Макаранка, а вядучы навуковы супрацоўнік Віктар Жыбуль расказаў пра жыццё і творчы шлях Я. Бяганскай і правёў экскурсію па выставе. Ганаровымі гасцямі былі сваякі пісьменніцы – сын Яўген, яго жонка Лідзія і дачка Алена, якія падзяліліся цікавымі ўспамінамі пра Ядвігу Іосіфаўну. Выступілі таксама кандыдат гістарычных навук, прафесар кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ Міхаіл Шумейка, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Аксана Данільчык.

На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты гісторыка-архіўнага аддзялення гістарычнага факультэта БДУ, якія на практыцы змаглі азнаёміцца з вопытам работы архіва-музея ў галіне выставачнай дзейнасці.