Сёння, 4 красавіка 2023 г., калектыў БДАМЛМ сабраўся, каб разам адзначыць “Дзень Валянціны Ягораўны Данекінай” – ганаровага архівіста, загадчыка аддзела навуковага апісання дакументаў асабістага паходжання, падзякваць ёй за надзвычайна руплівую 46-гадовую працу ў архіве, пажадаць новага плённага этапу жыцця.
Дзякуючы энцыклапедызму ведаў па літаратуры і мастацтве, эрудыцыі, прыроднай дапытлівасці і разважлівасці Валянціна Ягораўна стала адным з вядомых спецыялістаў у апісанні асабістых фондаў у Рэспубліцы Беларусь.
За гэты перыяд яна ажыццявіла навуковую апрацоўку звыш 50 фондаў і калекцый асабістага паходжання. Прымала ўдзел у падрыхтоўцы анатацый да трох выпускаў “Даведніка па фондах БДАМЛМ”, у распрацоўцы метадычных дапаможнікаў, у навуковых канферэнцыях, публікавала навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы па гісторыі беларускай літаратуры і мастацтва. За асабісты ўклад у развіцце архіўнай справы Валянціна Ягораўна неаднаразова ўзнагароджвалася падзякамі і граматамі.
Да калектыва БДАМЛМ сёння далучыліся папярэдні дырэктар архіва – Ганна Вячаславаўна Запартыка і вядомы гісторык Анатоль Міхайлавіч Сідарэвіч. Дзякуючы кожнаму прысутнаму дзень, прысвечаны Валянціне Ягораўне, быў прасякнуты словамі падзякі, цёплымі ўспамінамі і кранальнымі гісторыямі.
На добрую памяць загадчык аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій Юрый Алегавіч Бачышча напісаў Валянціне Ягораўне наступны верш:
Спрадвечны вызначыў для кожнага свой час і месца,
дзе нарадзіцца, у чым сябе знайсці, -
так многа год сваё жыццё і сэрца
ты прысвячала захаванню памяці.
Найлепшыя гады ў пазнанні тайнаў
жыцця пісьменнікаў, актораў, мастакоў,
праводзіла ў нястомным адшуканні
схаваных звестак творчасці майстроў.
Дзясяткі анатацый, сотні справаў
праходзілі праз рукі, каб затым
пацешыць навукоўцаў новай з’явай
даведнікаў і вопісаў крутых.
Запомнілі царкоўныя муры, касцёла нэфы,
тваё вясёлае аблічча сярод тых,
хто мудра памнажаў малыя веды
пра невядомых творцаў ці амаль святых.
Як лепшы сябар, сустракала новых,
яшчэ ня зведаўшых архіўнага жыцця
сваіх калегаў, настаўляла скора
на шлях архіўнае навукі й адкрыцця.
На памяць застануцца радкі словаў,
напісаных з удзячнасцю табе,
за адраджэнне бацькаўскае мовы
ў архіўнай справе, у жыцці, у царкве.
У адпачынку захавай разважна
ўсё найлепшае, што з часам набыла,
няхай жыве ў душы тваёй паважна
любоў да Бога, прага да святла!