23.06.2023

«А жыць так хацелася…» (да дня Усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны)

“А жыць так хацелася – хоць як-небудзь у сцюжы, голадзе, страху, хоць у такім жудасным пекле, якім была вайна, – усё роўна хацелася жыць”, – пісаў у аповесці “Жураўліны крык” В.У. Быкаў.

22 чэрвеня 2023 года – у 82-ю гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны – споўнілася 20 гадоў з дня смерці Народнага пісьменніка Беларусі і ветэрана – Васіля Уладзіміравіча Быкава. У гэты дзень калектыў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва вырашыў праз ушанаванне памяці сваіх фондаўтваральнікаў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, узгадаць усіх, хто са зброяй у руках адстойваў права жыць для сябе і іншых.

Кветкі ўсклаліся на магілы:

- Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Уладзіміравіча Быкава (параненага падчас Кіраваградскай аперацыі, удзельніка аперацый па вызваленні Украіны, Румыніі, Балгарыі і інш.), які ўсё жыццё дыхаў вайной і пісаў пра яе ў сваіх творах (аповесці “Абеліск”, “Дажыць да світання”, “Знак бяды”, “Сотнікаў” і інш.),

- пісьменніка, тэатральнага крытыка і літаратуразнацы Уладзіміра Барысавіча Карпава (падпольшчыка і партызана, узнагароджанага Ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За баявыя заслугі”), аўтара вядомых кожнаму апавяданняў з кнігі “Прызнанне ў нянавісці і любві” (1976), а ў прыватнасці – твора “Нямігі крывавыя берагі” (1962),

- Народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа (двойчы параненага пад Растовам-на-Доне), які пакінуў дзённікавыя запісы за 1941–1942 гг. (часткова ўвайшлі ў “Першую кнігу” (1977), напісаў раман “Мінскі напрамак” (1947–1953),

- Народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна (удзельніка Вісла-Одэрскай і Берлінскай наступальных аперацый) – аўтара рамана пра вайну “Глыбокая плынь” (1996), зборніка “Трывожнае шчасце: аповесці” (2008).

Дзякуючы ім у кожнага з нас з’явіўся шанец на жыццё і памяць.