19.06.2023

Адкрыццё сумеснай выставы «Аляксей Глебаў. Услаўляючы чалавека»

16 чэрвеня 2023 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва наведалі ўрачыстае адкрыццё выставы “Аляксей Глебаў. Услаўляючы чалавека” ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Выстава прысвечана 115-годдзю з дня нараджэння народнага мастака БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, скульптара і педагога Аляксея Канстанцінавіча Глебава.

На выставе экспануюцца творы скульптуры са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і фондаў Беларускага саюза мастакоў, а таксама дакументы і фатаграфіі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, з асабістага архіва скульптара Аляксандра Міхайлавіча Каструкова і архіва сям’і А. Глебава. Дапаўняюць экспазіцыю відэафільм і радыёперадача аб скульптары з унікальнымі запісамі голасу скульптара з фондаў Белтэлерадыёкампаніі.

Выстава расказвае пра перыяды творчага жыцця майстра з 1940-х па 1960-я гады, з ваенных да апошніх гадоў жыцця. Усе работы звязаны з асноўнымі этапамі шляху скульптара ў мастацтве і раскрываюць галоўныя напрамкі яго мастацкіх пошукаў.

З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва на выставе можна ўбачыць фатаграфіі работ скульптара, пісьмы дзеячаў культуры, запіскі студэнтаў, віншавальныя тэлеграмы, ганаровыя граматы і дыпломы, фатаграфіі (індывідуальныя і групавыя), пасведчанні і іншыя дакументы да біяграфіі А. Глебава.

Экспанаванне выставы праходзіць па 13 жніўня 2023 года.

Больш фатаграфій на Facebook.