13.06.2023

Запрашаем на ўрачыстае адкрыццё выставы «Аляксей Глебаў. Услаўляючы чалавека»

16 чэрвеня 2023 года а 16-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (выставачны корпус, вул. К. Маркса, 24, 4-ы паверх) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Аляксей Глебаў. Услаўляючы чалавека” да 115-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР (пасмяротна), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, скульптара і педагога Аляксея Канстанцінавіча Глебава (1908-1968).

Выстава ахопіць перыяды творчага жыцця майстра з 1940-х па 1960-я гады, з ваенных да апошніх гадоў жыцця. Усе работы звязаны з асноўнымі этапамі шляху скульптара ў мастацтве і раскрываюць галоўныя напрамкі яго мастацкіх пошукаў. На выставе будуць экспанавацца творы скульптуры са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і фондаў Беларускага саюза мастакоў, а таксама дакументы і фатаграфіі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, з асабістага архіва скульптара Аляксандра Міхайлавіча Каструкова і архіва сям’і Аляксея Канстанцінавіча Глебава. Дапоўняць экспазіцыйную прастору жывапісны, скульптурны і графічныя партрэты Аляксея Глебава, створаныя яго калегамі па творчым цэху, са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама відэафільм і радыёперадача аб скульптары з унікальнымі запісамі яго голасу з фондаў Белтэлерадыёкампаніі.

13 чэрвеня 2023 г.