29.05.2024

Падпісанне дамовы паміж БДАМЛМ і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі аб сумесным праекце

У 2024 годзе Беларуская Праваслаўная Царква адзначае знамянальную дату – 200-годдзе выхаду ў свет “Беларускага архіва старажытных грамат”, складзенага протаіерэем Іаанам (Іван) Грыгаровічам. Дзякуючы гэтай працы быў пакладзены пачатак беларускай археаграфіі як навуковай дысцыпліны, якая павінна займацца пошукам, апісаннем і публікацыяй гістарычных дакументаў.

І. Грыгаровіч — першы беларускі археограф, знакаміты гісторык, краязнаўца, мовазнаўца, педагог, прапаведнік, протаіерэй.

У 1821 г. І. Грыгаровіч пачаў даследаванне архіваў Мсціславля і Магілёва, у выніку чаго ў 1824 г. з'явілася праца “Беларуская іерархія”. Працягам гэтай дзейнасці была падрыхтоўка першага беларускага археаграфічнага зборніка “Беларускі архіў старажытных грамат”, першая частка якога выйшла ў 1824 г., іншая, цалкам падрыхтаваная да выдання, на жаль, засталася неапублікаванай і захоўваецца ў рукапісе ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Асобныя дакументы першай і другой частак былі перадрукаваны ў “Актах Заходняй Расіі”.

28 мая 2024 года БДАМЛМ сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі падпісалі дамову аб падрыхтоўцы сумеснага праекта па факсімільным выданні рукапісу 2-й часткі зборніка дакументаў “Беларускі архіў старажытных грамат”.

З боку БДАМЛМ дагавор падпісала дырэктар архіва-музея Алена Аляксандраўна Макаранка. Упаўнаважанай асобай ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі выступіла загадчык выдавецкага аддзела Вікторыя Віктараўна Калістратава.

Бакі выказалі гатоўнасць у межах сваёй кампетэнцыі аб'яднаць намаганні, веды, дзелавую рэпутацыю, прафесійныя навыкі і сувязі ў рэалізацыі праекта ў мэтах увядзення яго ў навуковы, грамадскі і агульнакультурны зварот.