06.11.2025

Новае паступленне дакументаў з асабістага архіва Улашчанка Леаніда Аляксандравіча ў БДАМЛМ

4 лістапада 2025 года фонды Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) ўпершыню папоўніліся сямейным архівам вядучага майстра сцэны, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Леаніда Аляксандравіча Улашчанка.  

 

Л.А.Улашчанка нарадзіўся 29 жніўня 1941 года. У 1965 годзе ён скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Больш шасцідзесяці гадоў служыў у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача, у якім адыграў шмат роляў не толькі для дзяцей, але і для дарослых.

Але ён вядомы не толькі як акцёр. Л.А.Улашчанка па сённяшні дзень актыўна супрацоўнічае і з’яўляецца аўтарам публікацый у часопісе «Вясёлка». Ён перакладаў цудоўную дзіцячую рускую класіку (К.Чукоўскага, С.Маршака), напісаў і выдаў тры зборнікі казак для дзяцей.  Працаваў на радыё, вёў цыкл перадач, сярод якіх «Казкі дзядзечкі Рымуса», «Хлопчык з вялікай Місісіпі», «Казачныя літары».

З 1972 года пачаў здымацца ў кіно, дзе адыграў больш за сто роляў. Яго фільмаграфія налічвае 62 работы ў праектах.

Шмат разоў адзначаўся граматамі і прэміямі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Упраўлення культуры Мінскага абластнога выканаўчага камітэта, дыпломамі фестываляў, дыпломамі і ўзнагародамі Саюза тэатральных дзеячоў Беларусі, а таксама медалём “За доблестный труд” у гонар 100-годдзя з Дня нараджэння У.І.Леніна і нагрудным знакам “За вклад в развитие культуры Беларуси”.

Дакументы ўяўляюць сабой біяграфічныя і творчыя матэрыялы, сярод якіх успаміны акцёра, тэксты і пераклады казак, сцэнарыі, выявы сцэн са  спектакляў, а таксама індывідуальныя фотаздымкі.