12.07.2024

Новае паступленне дакументаў з асабістага архіва Сушко Паўла Міхайлавіча і яго сына Сушко Пятра Паўлавіча ў БДАМЛМ

11 ліпеня 2024 года ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва паступілі дакументы з асабістага архіва паэта, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Паўла Міхайлавіча Сушко і паэта, перакладчыка Пятра Паўлавіча Сушко. Дакументы сваіх родзічаў (дзеда і бацькі) перадаў Сяргей Пятровіч Сушко.

У гады Вялікай Айчыннай вайны П.М. Сушко быў сувязным партызанскага атрада "Масква", затым — партызанам 4-й Беларускай партызанскай брыгады. Пасля вайны ўдзельнічаў у аднаўленні разбуранай народнай гаспадаркі.

Друкавацца П.М. Сушко пачаў у 1938 годзе ў газетах і часопісах Заходняй Беларусі. У газеце "Кліч партызан" — органе Міёрскага падпольнага райкома — у 1943 годзе публікаваў нататкі пад псеўданімам “Язэп Сяўня”. На яго вершы “Сцяжынка” і “Ой, шла дзяўчына” кампазітары М. Пятрэнка і А. Палонскі напісалі музыку. «Марш беларускіх партызан» (словы П.М. Сушко) спявалі народныя мсціўцы.

Паэт і перакладчык П.П. Сушко — аўтар зборнікаў сатырычных і гумарыстычных вершаў, баек, мініяцюр, вершаваных фельетонаў, пародый і эпіграм. У 1966–1968 гг. ён працаваў загадчыкам аддзела Міёрскай раённай газеты “Сцяг працы”, у 1968–1977 гг. – карэспандэнтам газет “Віцебскі рабочы”, “На страже Октября”, “Звязда”, часопіса “Вожык” і інш. З 1989 г. — старшы рэдактар у выдавецтве “Полымя”. З'яўляўся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1984 г.

У архіў-музей паступілі біяграфічныя і творчыя дакументы П.М. Сушко і П.П. Сушко: пасведчанні аб узнагароджанні медалямі "Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне", ваенны білет (1940 г.), рукапісы зборнікаў вершаў "Акорды сэрца" і "Родныя напевы", перапіска, кнігі з дароўнымі надпісамі, сямейныя фатаграфіі і г.д. Гэтыя дакументы істотна папоўняць фонды БДАМЛД і стануць значнымі крыніцамі па гісторыі ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі і Вялікай Айчыннай вайны.