10.10.2024

Новае паступленне дакументаў з асабістага архіва Аладава Мікалая Ільіча ў БДАМЛМ

8 кастрычніка 2024 года загадчыца аддзела архіваў арганізацый і фарміравання НАФ Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Марыя Іосіфаўна Пышынская і вядучы архівіст Наталля Паўлаўна Прынько пасля перамоў наведалі Аладаву Радаславу Мікалаеўну, дачку вядомага кампазітара, педагога, народнага артыста БССР Мікалая Ільіча Аладава.

М.І.Аладаў – адзін з арганізатараў Беларускай кансерваторыі (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі), з 1944 г. да 1948 г. – рэктар Беларускай кансерваторыі, з 1946 г. – прафесар. Імем М.І.Аладава названа дзіцячая музычная школа № 2 у г. Мінску, усталявана мемарыяльная дошка. Мікалай Ільіч адзін з заснавальнікаў сімфанічнага, камерна-інструментальнага і камерна-вакальнага, кантатнага, харавога жанраў беларускай музыкі. Аўтар оперы "Андрэй Касценя", камічнай оперы "Тарас на Парнасе", кантат "Над ракой Арэсай" і інш., дзесяці сімфоній, вакальных цыклаў на вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, М.Танка, іншых музычных твораў.

Дакументы свайго бацькі перадала дачка Радаслава Мікалаеўна Аладава – музыказнаўца, музычны крытык. У архіў-музей паступілі творчыя дакументы М.І.Аладава: нотныя рукапісы сімфонія № 2 на тэмы беларускіх народных песень (1929–1930 гг.), "Сюіта-фантазія" № 2, 3, "Канцэртная фантазія", сімфонія № 5, сімфонія № 6, 8, 9, кантата "Сорак год", партытура "Народ і Правадыр" і інш.

Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы.

Праца па папаўненні архіва-музея дакументамі з асабістага архіва М.І.Аладава працягнецца: хуткім часам будзем чакаць наступнае паступленне.