Вянок

Адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў М. Багдановіча, выдадзены ў 1913 годзе, класічны зборнік беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя. У гісторыі нацыянальнай паэзіі ён стаў адным з лепшых узораў паэтычнага майстэрства.

М. Багдановіч прысвяціў свой зборнік Сяргею Палуяну.

Недахватаў рожных - гібель, ды кніжка гэта зусім маладая: вершы яе пісаліся з паловы 1909 да паловы 1912 гг., калі мне было 17-20 год. Але ў ёй усё ж такі ёсць і творчасць, і натхненне, і сур'ёзная праца

- Паэт пісаў у лісце да беларускай пісьменніцы В. Лявіцкай

Змест

Зборнік змяшчаў 92 вершы і 2 паэмы, размешчаныя на 120 старонках, якія былі аб'яднаныя па цыклах:

  • «У зачарованым царстве»
  • «Згукі Бацькаўшчыны»
  • «Старая Беларусь»
  • «Места»
  • «Думы»
  • «Вольныя думы»
  • «Старая спадчына»
  • «Мадонны»

У лістах да выдаўцоў былі меркаванні дапоўніць «Мадоннаў» нізкай «Каханне і смерць» (13 вершаў) і да 5 перакладаў з нізкі «Старая спадчына» дадаць 22 пераклады вершаў французскага дэкадэнта Поля Верлена і ўтварыць раздзел «З чужой глебы». Аднак кніга выйшла без дапаўненняў і без пасляслоўя «Ізноў пабачыў я сялібы» да паэмы «Вераніка».

Паводле лістоў у газету «Наша Ніва» М. Багдановіч меў намер уключыць у зборнік раздзелы «Каханне і смерць» і «З чужой глебы» (пераклады). Але гэтыя раздзелы не ўвайшлі ў «Вянок» і былі апублікаваны толькі пасля смерці паэта.

Аб выданнi

«Вянок» намаганнямі «Нашай нівы» быў выдадзены ў пачатку 1914 года ў віленскай друкарні Марціна Кухты (на тытуле кнігі стаіць 1913 год, але ў тым годзе яе выдаць не паспелі). Наклад зборніку быў 2 000 асобнікаў. У выданні зборніка прыняло ўдзел Беларускае выдавецкае таварыства, на той час адзінае выдавецтва, якое выплачвала аўтарскія ганарары.

У краіне светлай, дзе я уміраю,
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кніжку маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

Напісаў у сваім апошнім вершы Багдановіч, які паміраў у Ялце

Цікавыя факты

  • На тытульным аркушы зборніка В. Іваноўскі і І. Луцкевіч змясцілі герб Завішаў «Лебедзь» у знак удзячнасці Магдалене Радзівіл з Завішаў за аказаную матэрыяльную падтрымку.
  • Ларыса Геніюш пакінула ў спадчыну свайму сыну Юрыю, што жыў за мяжой, рарытэтны зборнік вершаў Багдановіча «Вянок» 1913 года. Пасля смерці паэтэсы яе сын збіраўся перавезці «Вянок» у Польшчу, але пад пагрозай канфіскацыі зборніка на польскай мяжы, вырашыў пакінуць у спадчыну музея Максіма Багдановіча.

Дадатковая інфармацыя

  • Выдавецтва: Вільня: Друкарня Марціна Кухты
  • Год: 1913
  • Назва: Вянок
  • Аўтар: Максім Багдановіч
  • Старонкi: — 120 c.
  • Раздзел: Літаратура