Спецыялісты архіва-музея азнаёміліся з новай экспазіцыяй, якая распавядае пра чыгуначны транспарт Беларусі. Сучасны дызайн і інтэрактыўная прэзентацыя музейных прадметаў і дакументаў зрабілі новую экспазіцыю прыцягальнай і цікавай для сённяшняга наведвальніка. Унікальныя натурныя і аб’ёмныя экспанаты, зрокавыя і гукавыя сігналы, эмблемы, чыгуначныя атрыбуты і прыстасаванні, макеты вакзалаў, архіўныя дакументы, фотаздымкі, узнагароды наблізілі і ажывілі гісторыю як тэхнічнага абсталявання чыгункі, так і працоўных дынастый, беларускіх вынаходнікаў, выдатных работнікаў, якія шчырай працай развівалі гэту сферу. Арыгінальнае мастацкае рашэнне новай экспазіцыі дазваляе розным катэгорыям наведвальнікаў знайсці свой шлях азнаямлення з гісторыяй чыгуначнага транспарту.
Архівісты прапанавалі музейным супрацоўнікам сумесныя праекты, у аснове якіх будзе абмен інфармацыяй пра перамяшчэнне чыгуначным транспартам вядомых дзеячаў культуры і мастацтва падчас творчых і дзелавых паездак, гастроляў. Азнаямленне з вопытам выкарыстання штучнага інтэлекту пры рабоце з дакументамі будзе садзейнічаць прафесійнаму росту архівістаў.

