У фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) беражліва захоўваюцца дакументальныя матэрыалы, якія дазваляюць дакрануцца да гісторыі асваення касмічнай прасторы. Сярод іх асаблівую каштоўнасць маюць фотаздымкі беларускіх савецкіх касманаўтаў з фонда паэта, перакладчыка, дзяржаўнага дзеяча Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна. Гэта фотаздымак сустрэчы Генадзя Бураўкіна з касманаўтамі, героямі Савецкага Саюза Уладзімірам Кавалёнкам і Пятром Клімуком (ф.520, в.1, спр.712, арк.1). Адзін з унікальных здымкаў адлюстроўвае гістарычны момант выхаду Уладзіміра Кавалёнка ў адкрыты космас – з дароўным надпісам Г.М.Бураўкіну (ф.520, в.1, спр.796, арк.1).
БДАМЛМ ганарыцца ўкладам беларускіх касманаўтаў у сусветную касмічную гісторыю і імкнецца захаваць і папулярызаваць дакументальную спадчыну, звязаную з асваеннем космасу, для будучых пакаленняў.