19.09.2025

Літаратурная сустрэча “На крылах мастацкага слова” у рамках рэспубліканскай акцыі “Жывая сувязь пакаленняў” адбылася ў БДАМЛМ

18 верасня 2025 года, у рамках рэспубліканскай акцыі “Жывая сувязь пакаленняў”, у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбылася літаратурная сустрэча “На крылах мастацкага слова”. Яна стала першай падзеяй з новага цыкла мерапрыемстваў, якія плануецца праводзіць у архіве-музеі на традыцыйнай аснове.

 

Знамянальна, што галоўным героем вечара стаў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі. Ён прэзентаваў сваю новую аўтабіяграфічную кнігу “Цялец”, шчыра падзяліўшыся з прысутнымі сваімі развагамі пра жыццёвы і творчы шлях.

Дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка выступіла з прывітальным словам, падкрэсліўшы значнасць творчасці Уладзіміра Ліпскага для беларускай літаратуры.

Варта адзначыць, што Уладзімір Сцяпанавіч з’яўляецца фондаўтваральнікам БДАМЛМ. Яго дакументы пачалі паступаць у архіў-музей яшчэ ў 1996 годзе, а ў 2015 годзе яны прайшлі навуковае апісанне і склалі вопіс № 1 фонду 458. У вопіс увайшлі творчыя дакументы, перапіска, выяўленчыя матэрыялы, дакументы да біяграфіі і інш.

На літаратурную сустрэчу былі запрошаны блізкія сябры і калегі Уладзіміра Ліпскага, у тым ліку дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Л.С.Ананіч, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў М.П.Пазнякоў, народная артыстка Беларусі, актрыса М.Г.Захарэвіч, пісьменнік, дзяржаўны дзеяч А.І.Бутэвіч, пісьменніца Р.А.Баравікова, акцёр, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР В.Д.Анісенка, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Л.А.Улашчанка і інш. Яны выступалі з віншаваннямі, дзяліліся ўспамінамі, ствараючы цёплую і душэўную атмасферу. Сам Уладзімір Сцяпанавіч жвава і цікава расказаў не толькі пра напісанне кнігі “Цялец”, але і пра свой жыццёвы і творчы шлях, пра вядомых пісьменнікаў, з якімі яму пашчасціла працаваць і сябраваць: Івана Шамякіна, Максіма Танка, Пімена Панчанку, Івана Чыгрынава і інш. У знак падзякі і павагі Уладзімір Ліпскі падараваў архіву-музею аўтарскі рукапіс кнігі “Цялец”, ганаровы імянны медаль і саму кнігу з аўтографам.

Важна адзначыць, што на сустрэчы прысутнічала моладзь – студэнты філалагічнага факультэта БДУ з дэканам факультэта С.А.Важнікам і вучні ДУА “Сярэдняя школа № 4 г.Мінска”.

БДАМЛМ выказвае шчырую падзяку ўсім удзельнікам літаратурнай сустрэчы “На крылах мастацкага слова” і спадзяецца на далейшыя плённыя сустрэчы з выдатнымі прадстаўнікамі беларускай літаратуры і мастацтва.

Галерэя малюнкаў