06.08.2024

Куратарская экскурсія ў БДАМЛМ для супрацоўнікаў установы «Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы»

 2 жніўня 2024 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей БДАМЛМ) прайшла куратарская экскурсія па выставе «Сам-насам з вечнасцю», прысвечанай 100-годдзю вядомага беларускага пісьменніка Васіля Быкава.

Вядучы архівіст БДАМЛМ Наталля Аляксандраўна Мізон прадставіла супрацоўнікам “ Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы” дакументы, звязаныя з аўтабіяграфіяй Быкава, выступам перад саюзам пісьменнікаў, рукапісы, машынапісныя лісты з рукапіснымі выпраўленнямі, карэспандэнцыю, атрыманую ім з усяго СССР. Архіўныя дакументы, якія захоўваюцца ў фондах БДАМЛМ, з'яўляюцца адлюстраваннем як жыццёвага, так і творчага шляху пісьменніка.

Падчас экскурсіі абмяркоўваліся інтэрв'ю, артыкулы, успаміны Васіля Быкава. Гасцей мерапрыемства ўразіла колькасць перапіскі, прадстаўленай для агляду, што з'яўляецца прамым сведчаннем папулярнасці твораў Быкава сярод чытачоў ва ўсім свеце. Гэта водгукі аб прачытаных творах пра вайну, перажыванні пра лёсы быкаўскіх герояў, думкі аб сучаснасці, выкладзеныя ў лістах, тэлеграмах як простых людзей, так і рэжысёраў, сцэнарыстаў, якія ставілі п'есы і якія здымалі фільмы па матывах твораў Васіля Уладзіміравіча.

Экскурсанты выказалі сваю перакананасць у важнасці працы па захаванні спадчыны беларускай культуры і падзяку архівістам і навуковым супрацоўнікам, для якіх менавіта гэтая дзейнасць з'яўляецца вядучай.

Галерэя малюнкаў