29.09.2025

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва адзначыў стагоддзе з дня нараджэння Навума Кісліка

26 верасня 2025 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) у рамках літаратурных сустрэч «На крылах мастацкага слова» адбыўся круглы стол, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, перакладчыка Навума Зіноўевіча Кісліка.

 

Мерапрыемства адкрылася прывітаннем дырэктара архіва-музея Алены Аляксандраўны Макаранка, якая падкрэсліла значнасць спадчыны Н.Кісліка для беларускай літаратуры і культуры.

Вядучы архівіст Таццяна Аляксандраўна Анпілогава правяла прэзентацыю літаратурна-дакументальнай выставы «Я справай абраў сабе слова». Госці атрымалі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з рукапісамі, фатаграфіямі, лістамі з фонду Навума Кісліка, якія раскрываюць творчы шлях і біяграфію пісьменніка. Прагучалі радкі вершаў Навума Кісліка ў чытанні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Валерыя Мікалаевіча Шушкевіча.

Асабліва кранальным момантам стаў відэазварот да прысутных роднага брата пісьменніка, Валяр'яна Кісліка. Выступілі таксама блізкія сябры і сваякі пісьменніка. Наталля Адамовіч распавяла пра асабістае, сардэчнае сяброўства сям'і Алеся Адамовіча з Навумам Кіслікам. Пляменніца паэта Надзея Кіслік выказала словы падзякі работнікам БДАМЛМ за арганізацыю юбілейнага мерапрыемства. што аб'яднала людзей, якія памятаюць Навума Кісліка і шануюць яго творчую спадчыну.