26.06.2025

Удзел БДАМЛМ у святкаванні 120-годдзя П.У. Броўкі

25 чэрвеня 2025 года, у дзень 120-годдзя народнага паэта Беларусі Пятра Усцінавіча Броўкі, работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі адкрыццё выставы “Шаржы на Петруся Броўку” ў Літаратурным музее Петруся Броўкі, прымеркаванай да юбілею народнага паэта Беларусі.

 

У кватэры-музеі Пятра Усцінавіча шаржы на яго ў такой колькасці прадстаўлены ўпершыню. Жартоўныя партрэты Броўкі, якія малявалі як вядомыя, так і маладыя мастакі (самыя раннія творы датуюцца 1930-мі гадамі),

 — не толькі мастацкая забава, але і адлюстраванне стаўлення сучаснікаў да асобы паэта, жывое сведчанне пра значэнне творцы ў тагачаснай культуры, а таксама паказчык здаровай атмасферы ў мастацкім асяроддзі.

Юбілейная выстава рэалізавана літаратурным музеем сумесна з часопісам “Роднае слова”, яна прэзентуе частку праекта “У анталогію беларускага шаржу” (у ім былі апублікаваны дзясяткі графічных вобразаў айчынных літаратараў у дадзеным жанры,  у тым ліку з фондаў БДАМЛМ).