Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) быў створаны ў 1960 г. як Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва БССР. 24.03.1976 г. ён рэарганізаваны ў Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. З 21.05.1993 г. мае сучасную назву. На 01.04.2024 г. у БДАМЛМ захоўваецца 539 фондаў, асноўную частку якіх складаюць асабістыя архівы пісьменнікаў А. Адамовіча, М. Багдановіча, Я. Брыля, М. Гарэцкага, В. Быкава, К. Каганца, А. Куляшова, Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Лынькова, І. Мележа, Я. Пушчы, М. Танка, І. Шамякіна; кампазітараў А. Багатырова, Г. Вагнера, Я. Глебава, В. Залатарова, Ю. Семянякі, Я. Цікоцкага, М. Чуркіна; акцёраў і рэжысёраў Г. Абуховіч, А. Кістава, А. Клімавай, Г. Макаравай, П. Малчанава, Б. Платонава, К. Саннікава, С. Станюты, У. Уладамірскага, Р. Янкоўскага; спевакоў Л. Александроўскай, І. Балоціна, С. Друкер, М. Забэйды-Суміцкага, Р. Млодак; мастакоў і скульптараў І. Ахрэмчыка, В. Волкава, А. Глебава, А. Грубэ, А. Кашкурэвіча, А. Марыкса, С. Селіханава, А. Тычыны і многіх іншых.
9 чэрвеня 2020 года споўнілася 60 гадоў з часу стварэння Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Сёння гэта архіўная ўстанова вядомая як у Беларусі, так і ў свеце, і перш за ўсё тым, што захоўвае ўнікальныя асабістыя фонды беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, акцёраў, кампазітараў, фонды беларускіх тэатраў, кінастудыі «Беларусьфільм», рэдакцый літаратурна-мастацкіх часопісаў і газет і інш.
Вядома, што ў 1960-я гады ў многіх рэспубліках СССР пачалі стварацца архівы літаратуры і мастацтва: у 1960 г. у Беларусі, 1966 г. ва Украіне і Азербайджане, 1968 г. у Літве, 1969 г. у Ленінградзе, 1970 г. у Грузіі, 1986 г. у Арменіі. У гэтым шэрагу, як бачым, пачынальнікам была Беларусь. Але першым такім архівам на тэрыторыі Савецкага Саюза стаў Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва СССР, створаны ў Маскве ў 1941 г. ЦДАЛМ СССР амаль адразу ўключыў у аб'екты свайго камплектавання і асабістыя архівы дзеячаў літаратуры і мастацтва нацыянальных рэспублік. Так узніклі ў названым архіве фонды народных пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія пасля былі перададзены ў ЦДАЛМ БССР. За тыя дваццаць гадоў, ад часу ўзнікнення ЦДАЛМ СССР і да стварэння ў 1960 г. у Беларусі архіва літаратуры і мастацтва, маскоўскімі архівістамі быў назапашаны вялікі вопыт працы з асабістымі архівамі, архівамі творчых арганізацый, рэдакцый часопісаў і газет, створана метадычная база. Трэба прызнаць, што той вопыт з узнікненнем архіваў літаратуры і мастацтва ў рэспубліках быў ацэнены і з вялікім поспехам укараняўся ў іх практыку, у тым ліку і ў Беларусі. І ўсё ж, што лягло ў аснову стварэння Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, як рабіліся першыя крокі, як нараджалася ідэя? Традыцыйна ўсякі артыкул па гісторыі архіва-музея пачынаецца з чэрвеня 1960 г. І гэтую дату ніхто не збіраецца аспрэчваць. Фонд Архіўнага ўпраўлення МУС БССР № 249, які зберагаецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, якраз і дазваляе даследаваць перыяд нараджэння ідэі і падрыхтоўкі яе рэалізацыі. Было, зразумела, і ўказанне зверху, але да гонару дзеячаў архіўнай справы Беларусі тых далёкіх гадоў рэагаванне на ўказанне, калі яно з'явілася, было ўжо падрыхтавана, а ідэя выспявала на нашай ніве. Некалькі дакументаў, размешчаных ніжэй у іх храналагічнай паслядоўнасці, даюць аб гэтым вельмі дакладнае ўяўленне.
1 кастрычніка 1957 г. газета «Савецкая Беларусь» апублікавала артыкул навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР Н. Фраловай «О литературных архивах», у якім ацэньвалася роля спецыялізаванага архіва і прапаноўвалася ідэя перадачы літаратурных архіваў на дадзеным этапе ў дзяржаўныя архівы, а праз кароткі час газета «Літаратура і мастацтва» — артыкул супрацоўніка таго ж інстытута Д. Бародзіча «Даўно наспеўшае пытанне», дзе ўжо рэкамендавалася «Саюзу пісьменнікаў БССР і Дзяржаўнаму архіўнаму ўпраўленню БССР [Так у тэксце. Трэба — Архіўнае ўпраўленне МУС БССР.] усур’ёз заняцца справай стварэння літаратурнага архіва». Рэагаванні на гэтыя публікацыі з боку Архіўнага ўпраўлення ў дакументах фонду не выяўлены. Толькі ў маі 1958 г. у даведцы начальніка ЦДАКР БССР В. Ільічовай на імя А. Азарава будзе згадана публікацыя Н. Фраловай і выказана думка аб будучым літаратурных архіваў. Але складанне такой даведкі магло быць выклікана наступнымі падзеямі, якія, бясспрэчна, паўплывалі на прыняцце будучых рашэнняў.
У пачатку 1958 г. еўрапейская арганізацыя архівістаў «Круглы стол архіваў», якая існавала па-за структурай Міжнароднага савета архіваў, прыступіла да падрыхтоўкі штогадовай канферэнцыі. Для IV канферэнцыі «Круглага стала архіваў» была абрана тэма «Новыя галіны выкарыстання дакументальных матэрыялаў», сярод раздзелаў якой была тэма «Архівы і гісторыя літаратуры». (Матэрыялы IV канферэнцыі "Круглага стала архіваў" былі надрукаваны ў бюлетэні "Вопросы архівоведения" за 1959 г., № 1, с. 105 - 106.) Для падрыхтоўкі зводнага даклада сакратарыятам канферэнцыі ўсім дырэкцыям нацыянальных архіваў была разаслана анкета. Такую анкету атрымала і Архіўнае ўпраўленне МУС БССР, зразумела, праз Галоўнае архіўнае ўпраўленне МУС СССР. Захаваліся два дакументы, якія сведчаць, што тэма «Архівы і гісторыя літаратуры» ў беларускіх архівах вывучалася і анкета ў Маскву адсылалася: «Перечень материалов литературного характера, имеющихся в ЦГАОР БССР» і «Список исследователей, работавших в Госархиве Минской обл. по литературным темам» (НАРБ. Ф. 249. Воп. 5. Спр. 682. Арк. 9—22). Амаль адначасова, 6 сакавіка 1958 г., Галоўнае архіўнае ўпраўленне МУС СССР разаслала цыркулярны ліст «Начальникам центральных государственных архивов СССР, начальникам архивных управлений и отделов МВД=УВД республик, краев и областей», у якім пасля кароткай гістарычнай прэамбулы даваліся ўказанні: «В целях коренного улучшения работы по выявлению и собиранию документальных материалов личных фондов государственных и общественных деятелей СССР, выдающихся представителей социалистического труда, деятелей науки, техники, литературы и искусства ГАУ МВД СССР предлагает изучить этот вопрос и обсудить его на Научном совете в 1958 году. Копию стенограммы или протокола заседания Научного совета вышлите в ГАУ МВД СССР» (НАРБ. Ф. 249. Воп. 5. Спр. 680. Арк. 31—32). Адразу заўважым, што ў Беларусі праблемы літаратурнага архіва і архіваў асабістага паходжання вельмі моцна звязваліся і ішлі побач. І хоць, як бачым, гаворка ў цыркуляры вялася пра асабістыя архівы і неабходнасць іх камплектавання ў межах існуючых архіваў, беларускія архівісты адразу загаварылі пра стварэнне спецыялізаванага архіва. Канферэнцыя «Круглага стала архіваў» прайшла 20—22 мая 1958 г. у Вісбадэне і Франкфурце-на-Майне (ФРГ). Савецкія архіўныя ўстановы былі прадстаўлены дэлегацыяй у складзе трох чалавек: намесніка начальніка ГАУ МУС СССР Л. І. Якаўлева і кіраўнікоў архіўных служб Беларусі А. І. Азарава і Украіны С. Д. Пількевіча. Даклад «Архівы і гісторыя літаратуры» зрабіў Л. І. Якаўлеў, беларускі кіраўнік выступіў па тэме «Дапамога архіваў народнай гаспадарцы». (Змест выступленняў А. І. Азарава і іншых прадстаўнікоў савецкай дэлегацыі прыведзены ў прадмове А. В. Шаблоўскага да Матэрыялаў IV канферэнцыі «Круглага стала архіваў» у бюлетэні «Вопросы архивоведения» за 1959 г., № 1, с. 105—106.) Але яркія даклады аб даследаваннях па гісторыі літаратуры, якія праводзяцца ў еўрапейскіх архівах, аб лёсе літаратурных твораў і дакументаў пісьменнікаў, лёсе дакументаў розных творчых устаноў не пакінулі А. І. Азарава абыякавым. Верагодна, што тая паездка і пачутыя выступленні былі моцным стымулам, каб распачаць працу па стварэнні ў Беларусі літаратурнага архіва.
3—4 ліпеня 1958 г. у Мінску прайшла рэспубліканская нарада работнікаў архіўных устаноў БССР, прысвечаная 40-й гадавіне Дэкрэта СНК РСФСР ад 1 чэрвеня 1918 г. «Аб рэарганізацыі і цэнтралізацыі архіўнай справы», на якой прысутнічалі архівісты многіх саюзных рэспублік. Адным з першых на гэтай нарадзе прагучаў даклад Н. Ф. Фраловай. Тэкст даклада цалкам паўтараў яе артыкул з «Савецкай Беларусі», і тым не менш меў вялікі рэзананс. У «Зварот да ўсіх архівістаў рэспублікі», які падпісалі ўдзельнікі нарады, быў уключаны і пункт аб стварэнні літаратурнага архіва. Па матэрыялах гэтай нарады для Савета Міністраў БССР была складзена даведка, дзе нават прапаноўвалася зацвердзіць «штаты» будучага літаратурнага архіва.
Канчатковую ролю ў вырашэнні праблемы стварэння літаратурнага архіва ў БССР адыграла Палажэнне аб Дзяржаўным архіўным фондзе СССР, зацверджанае 13 жніўня 1958 г., у якім, акрамя традыцыйна справаводных дакументаў устаноў і прадпрыемстваў, замацоўваліся і дакументальныя матэрыялы дзяржаўных, палітычных, грамадскіх дзеячаў, дзеячаў навукі, тэхнікі, літаратуры і мастацтва і інш. У сувязі з гэтым начальніку аддзела камплектавання Архіўнага ўпраўлення МУС БССР Т. А. Трухіной было даручана правесці аналіз стану захавання архіваў асабістага паходжання ў Беларусі. Будучы глыбокім спецыялістам, Таісія Анатольеўна Трухіна правяла вялікую аналітычную працу, у якой закранула ўсе аспекты праблемы. Ужо з самой назвы дакумента вынікае яе стаўленне да ўзніклай сітуацыі — «Канцэнтрацыя ў дзяржаўныя архівы фондаў асабістага паходжання і праблема арганізацыі і камплектавання Цэнтральнага дзяржаўнага літаратурнага архіва БССР». З кароткай аўтаграфічнай прыпіскі, якая была зроблена крыху пазней, вядома, што даклад гэты быў прачытаны супрацоўнікам АУ МУС БССР у «верасні—кастрычніку 1959 г.». На ст. 16 (арх. 38) дадзенай працы Т. А. Трухіна абгрунтоўвае і неабходнасць разгляду праблемы камплектавання асабістымі архівамі і дакументамі па гісторыі літаратуры і мастацтва тым, што «пытанне аб стварэнні ў Беларусі дзяржаўнага літаратурнага архіва знаходзіцца напярэдадні свайго станоўчага рашэння». Сапраўды, ужо ў сярэдзіне 1959 г. (значыць, тэкст рыхтаваўся і пытанне абмяркоўвалася напрыканцы 1958 г.) С. І. Сікорскі ў артыкуле «Аб стане работы і задачах архіўных устаноў БССР», надрукаваным у навукова-інфармацыйным бюлетэні «Вопросы архивоведения», падкрэсліў: «Адной з актуальных задач архіўных устаноў БССР з’яўляецца арганізацыя прыёму на дзяржаўнае захоўванне матэрыялаў асабістага паходжання, г. зн. дакументаў дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў навукі і культуры, перадавікоў сацыялістычнай вытворчасці. Да цяперашняга часу ў рэспубліцы адсутнічае які-небудзь адзіны парадак захоўвання гэтых матэрыялаў. Рукапісы і матэрыялы пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў часткова прымаліся Інстытутам літаратуры АН БССР, але цяпер у сувязі з недахопам памяшканняў такі прыём спынены. У большасці дакументы асабістага паходжання знаходзяцца ў неўпарадкаваным стане ў выдавецтвах і рэдакцыях часопісаў і газет, а таксама ў прыватнай уласнасці. Зразумела, што пры такіх умовах не можа быць гаворкі пра шырокае выкарыстанне гэтых каштоўнейшых крыніц па гісторыі айчыннай навукі, тэхнікі, культуры.
У сувязі з гэтым, на наш погляд, наспела неабходнасць стварэння ў Беларусі рэспубліканскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва, які б займаўся зборам, захоўваннем, навуковай апрацоўкай і выкарыстаннем матэрыялаў беларускіх пісьменнікаў, кампазітараў, артыстаў, мастакоў. У сваю чаргу, дзяржаўныя архівы павінны заняцца зборам асабістых дакументаў дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, вучоных, перадавікоў сацыялістычнай працы» (Вопросы архивоведения. 1959. № 2. С. 21—22). Пытанне ад задумы да пастановы Савета Міністраў БССР ад 9 чэрвеня 1960 г., як бачым, вырашалася вельмі хутка і з высокай актыўнасцю. Было ў гэтым не толькі імкненне быць дысцыплінаванымі ў адносінах да новага Палажэння аб Дзяржаўным архіўным фондзе, але і глыбока патрыятычнае жаданне заснаваць установу, якая б канцэнтравала дакументальныя крыніцы па гісторыі нацыянальнай літаратуры, мастацтву, культуры. Пра гэта вельмі яскрава гаворыць апошні з прапанаваных дакументаў — выступленне Т. А. Трухіной на семінары архіўных работнікаў у Архіўным упраўленні пры Савеце Міністраў БССР у кастрычніку 1960 г.
Цікава, што менавіта ў арганізацыйны перыяд пачалося і камплектаванне будучага літаратурнага архіва. Фонд № 1 паэта Міхася Машары паступіў у красавіку 1960 г. і першыя здатачныя вопісы на яго былі зроблены супрацоўнікамі Архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў БССР І. Шышонкам і Г. І. Балашовай. Першы штатны расклад архіва ўключаў усяго трох супрацоўнікаў. Загадам начальніка АУ пры Савеце Міністраў БССР ад 01.08.1960 г. быў прыняты на працу першы навуковы супрацоўнік ЦДАЛМ БССР — Камарова Клара Якаўлеўна, 10.08.1960 г. — архіварыус Турко Ганна Дзмітрыеўна, 27.09.1960 г. быў прызначаны дырэктар Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва БССР — Жорава Клара Сцяпанаўна.
З 27 сакавіка 1976 г. установа пачала называцца Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, а з 21 сакавіка 1993 г. у адпаведнасці з пастанаўленнем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 336 за ёй замацавалася назва Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Сённяшнюю назву архіў-музей атрымаў паводле рашэння Мінскага гарвыканкама ад 29 мая 2003 г. № 828. Архівам-музеем кіравалі К.С. Жорава, Г.І. Сурмач, Г.В. Запартыка.
На сённяшні дзень БДАМЛМ з'яўляецца адной з вядучых рэспубліканскіх дзяржаўных устаноў Беларусі. Ён з'яўляецца найважнейшай крыніцай па гісторыі культуры Беларусі. У архіве шырока прадстаўлены дакументы, звязаныя з гісторыяй станаўлення і развіцця беларускай літаратуры, выяўленчага і сцэнічнага мастацтва, музычнага жыцця, айчыннага кінематографа.
Гісторыя будынкаў
Вул. Кірылы і Мяфодзія, 4 (касцёл бернардзінцаў)
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва месціцца ў будынку касцёла бернардзінцаў (вул. Кірылы і Мяфодзія, 4) - адным з нямногіх помнікаў архітэктуры барока XVII ст. у Мінску.
Будаўніцтва мужчынскага бернардзінскага кляштара і касцёла пачалося ў першай чвэрці XVII ст. Фундатарам лічыцца краснасельскі стараста Ян Кенсоўскі, па ініцыятыве якога ў 1628 г. ўзніклі драўляныя будынкі касцёла і кляштара. У некаторых крыніцах згадваецца і іншая дата - 1624 год.
Вядомы беларускі мастацтвазнаўца Мікола Шчакаціхін, грунтуючыся на тым, што ў 70-я гг. XVII ст. пры касцёле была "вымуравана" капліца, лічыў за час будаўніцтва каменнага кляштара другую палову XVII ст. Стольнік Пятра Першага П. А. Талстой, пабываўшы ў кляштары, зазначаў, што яго каменны касцёл "...небогатого строения". У 1752 г. на сродкі заможных гараджанаў скончылася рэканструкцыя касцёла пасля буйнога пажару. У канцы XVIII ст. комплекс мужчынскага бернардзінскага кляштара складаўся з касцёла святога Язэпа і прылеглага да яго жылога корпуса. На паўночны ўсход ад іх знаходзіўся вялікі ўчастак, абмежаваны прылеглымі вуліцамі з дзвюма стайнямі, вінакурняй, свірнам і іншымі гаспадарчымі пабудовамі. Ад плошчы кляштар аддзяляла высокая каменная сцяна.
Касцёл святога Язэпа сваімі памерамі, веліччу і багаццем павінен быў увасабляць моц і магутнасць каталіцкай царквы. У яго інтэр'еры знаходзілася дзевяць алтароў і шмат твораў жывапісу, сярод якіх вылучалася праца з выявай Ганны і Марыі з немаўлём.
З паўночнага захаду да храма прылягае двухпавярховы манастырскі корпус складанага плана з невялікім квадратным унутраным дворыкам. Інтэр'еры манастыра маюць калідорную планіроўку і скляпеністыя перакрыцці.
У 1810 - 1817 гг. на месцы каменнай агароджы з боку плошчы па праекце архітэктара М. Чахоўскага былі пабудаваны гандлёвыя рады (яны атрымалі назву "Бернардзінскія Крамы", пазней "Віленчукі"), якія ахапілі будынак касцёла паўколам і ўдала дапоўнілі архітэктурнае аблічча кляштара бернардзінцаў. У гады Другой сусветнай вайны яны былі пашкоджаныя, пазней знесеныя. Захаваная іх частка (з боку вул. Герцэна) адрэстаўравана ў 1982 г., а ў 2000-х адноўлена і зруйнаваная частка, цяпер у будынку месціцца рэстаран.
У 1864 г. касцёл і кляштар былі зачыненыя і канфіскаваныя расійскімі ўладамі за ўдзел гараджанаў Мінску ў нацыянальна-вызваленчым паўстанні. Касцёл прыстасавалі пад праваслаўную палкавую царкву Св. Кірылы і Мяфодзія, а кляштарныя карпусы былі ператвораныя ў казармы Каломенскага пяхотнага палка. У былых манастырскіх памяшканнях утрымліваліся і многія ўдзельнікі паўстання. Пазней будынкі кляштара перадалі ўпраўленню мінскага павятовага воінскага начальніка, а былы касцёл у 1872 г. прыстасавалі пад архіў. З 1969 г. тут месціўся Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР. У 1984 г. былі завершаны працы па рэстаўрацыі былога касцёла бернардзінцаў (архітэктар Г. Босак).
Аблічча касцёла ў значнай ступені зведала змены пасля шматлікіх пажараў і неаднаразовых рэканструкцый. У выніку знік характэрны для стылю барока архітэктурны элемент на галоўным фасадзе будынка - яго выгнуты франтон. У інтэр'еры страчаны цыліндрычны звод над цэнтральным нэфам - найвышэйшай часткай касцёла. У бакавых нэфах ацалелі крыжавыя скляпенні. Фрагментарна захавалася дэкаратыўнае аздабленне. Дах цэнтральнага нэфа двухсхільны, над бакавымі - аднасхільны. Галоўны фасад дэкараваны развітымі пілястрамі з валютамі сваеасаблівай формы.
На дадзены момант памяшканні будынка займаюць Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі.
Вул. Ракаўская, 4 (Петрапаўлаўская царква)
У 1969 - 1991 гг. архіў-музей месціўся ў будынку Царквы Святых Апосталаў Пятра і Паўла (сучасная вул. Ракаўская, 4) - адным з найстаражытнейшых помнікаў архітэктуры ў Мінску, пабудаваным у 1611 - 1613 гг.
Архітэктура храма не паддаецца адназначнай класіфікацыі, аднак цэлы шэраг асаблівасцяў не толькі дазваляе меркаваць пра яго нацыянальны беларускі характар, але і збліжае Петрапаўлаўскую царкву з іншымі крыху больш познімі культавымі збудаваннямі Мінска, створанымі ў стылі барока.
Хутчэй за ўсё, Петрапаўлаўская царква належыць да ліку збудаванняў, якія развіваюць традыцыі каменнай беларускай архітэктуры - гэта манументальныя, простыя па кампазіцыі, лаканічныя па дэкоры, аднанефныя, значна радзей - трохнефныя будынкі.
На Беларусі ў розныя перыяды існавалі "абарончыя храмы", альбо "храмы-крэпасці". Некаторыя даследчыкі дапускаюць, што Петрапаўлаўская царква з'яўляецца адной з найпазнейшых мадыфікацый храмаў гэтага тыпу. У аснову аб'ёмна-прасторавай і планіровачнай кампазіцыі царквы пакладзены прынцып сіметрыі: яго ўнутраная прастора з дапамогаю шасці масіўных слупоў падзелена на тры часткі, сярэдняя з якіх вышэйшая і шырэйшая за бакавыя і заканчваецца на ўсходзе гранёнай апсідай. Галоўны заходні фасад прадстаўлены дзвюма квадратнымі вежамі. Правая вежа трох'ярусная, левая - двух'ярусная. Абедзве аздобленыя арачнымі праёмамі і нішамі.
Стварэнне каменнага храма і манастыра на гэтым месцы было ініцыявана ў пачатку XVII ст. мінскай праваслаўнай талакой, якая сабрала адпаведную колькасць грошай. Пад пабудову храма і манастыра князёўнай Аўдоццяй Рыгораўнай Друцкай-Горскай у 1611 г. быў выдзелены лапік зямлі недалёка ад Свіслачы. У наступным, 1612 годзе мінчане пачалі на гэтым месцы будаўніцтва манастыра і саборнай царквы.
Пабудова храма вялася на ахвяраванні і з дапамогаю мінскіх праваслаўных жыхароў. У 1613 г. манастырскі храм быў у асноўным дабудаваны і асвечаны ў гонар апосталаў Пятра і Паўла. Тады ж тут пасяліліся манахі, якія прыехалі з Вільні, і пачаліся штодзённыя багаслужэнні. Праз чатыры гады пры манастыры ўжо істнавала праваслаўная школа. Каталіцкія святары спрабавалі зачыніць царкву і манастыр, а будынак перадаць уніяцкім святарам. Аднак, нягледзячы на гэта, манастыр набываў усё больш ўплыў: у 1613 г. сам польскі кароль Уладзіслаў IV падараваў яму прывілегіі. Рэлігійныя войны, што бушавалі ў сярэднія вякі ў Еўропе, часам прыводзілі вернікаў да жорсткіх сутыкненняў. Яшчэ ў 1617 г., пасля адкрыцця ў Мінску Петрапаўлаўскай царкоўнай школы, уніяцкія святары ўчынілі збіццё вучняў. Праз два гады натоўп фанатычных уніятаў вырашыў разграміць манастыр. Манахі і мясцовыя жыхары, якія прыйшлі ім на дапамогу, тры дні адбіваліся ад раз'юшанага натоўпу. У 1734 г. грамада польскіх шляхціцаў зладзіла ў царкве пагром. Пасля гэтага манастыр прыйшоў у заняпад. У канцы 1780-х - пачатку 1790-х гг. у ім жылі толькі пяцёра манахаў, дый праваслаўных заставалася ў Мінску няшмат. Гараджане прытрымліваліся пераважна каталіцкай і ўніяцкай веры.
У 1793 г. Мінск быў далучаны да Расіі. Расійскія ўлады скасавалі Петрапаўлаўскі мужчынскі манастыр, а царкву рэканструявалі. Перабудовай царквы кіраваў першы губернскі архітэктар Фёдар Крамер.
У 1795 г. царкве надалі статус кафедральнага сабора Менскай епархіі і перайменавалі ў Кацярынінскі сабор у гонар пакутніцы Кацярыны, нябеснай заступніцы імператрыцы. Царыца зрабіла новай царкве падарункі: свой асабісты гардэроб і тры невялікія срэбныя падсвечнікі. У 1797 г. на багаслужэнні ў царкве прысутнічаў новы расійскі імператар Павел Першы і застаўся задаволены ўладкаваннем будынка і царкоўнай службай.
Аднак мінскія царкоўныя ўлады прыйшлі да высновы, што сабор знаходзіцца на вельмі няўдалым і непрывабным месцы. Сабор быў перанесены, пазбаўлены статусу кафедральнага і ператварыўся ў звычайную царкву.
Пасля выгнання войска Напалеона будынак царквы адрамантавалі на сродкі, выдзеленыя ўрадам. З гэтага часу цягам больш як стогадовага перыяду Кацярынінская царква на Нямізе выконвала ролю ідэолага расійскага самадзяржаўя. У 1871 г. храм амаль цалкам перабудоўваюць. Над царквой узводзіцца купал, перарабляецца іканастас. На сценах царквы наносіцца новы роспіс. Правую прыбудову царквы пераасвячаюць у імя Мікалая Цудатворца. Экстэр'ер аздабляюць мноствам дробных дэталяў у стылі правінцыйнага класіцызму, абсалютна чужога абліччу храма. З-за жоўтай афарбоўкі сцен царкву працяглыя часы называлі "жоўтай царквой". У 1911 г. ўлады зноў звярнуліся ў імператарскую археалагічную камісію з пытаннем пра рамонт.
У 1926 г. царква абвешчана помнікам архітэктуры і ўзята пад ахову дзяржавы. Аднак у 1933 г. савецкія ўлады царкву зачынілі, а яе маёмасць сканфіскавалі, прыстасаваўшы храм пад склад. Будынак падзялілі на тры паверхі, а роспісы зафарбавалі. У час Другой сусветнай вайны царква дзейнічала і нават была наноў распісаная. Пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў будынак царквы быў перададзены пад жытло.
З канца 1960-х гг. будынак займалі Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР і Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі БССР. У 1972 - 1979 гг. храм рэстаўраваўся паводле праекта Мінскіх навукова-рэстаўрацыйных і вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры БССР (архітэктар А. І. Курто), царкве быў нададзены першапачатковы выгляд.
У 1991 г. храм быў вернуты праваслаўнай царкве, у чэрвені яго асвяціў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II, а 7 снежня 1991 года ў ім аднавілі набажэнствы. Архівы ж перамясціліся ў будынак па вул. Кірылы і Мяфодзія, 4, у якім знаходзяцца і па сёння.
Вул. Казлова, 26
У 1965 - 1969 гг. архіў-музей размяшчаўся ў будынку Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР (зараз Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі), які ў 1963 г. быў пераведзены з г. Магілёва ў г. Мінск у будынак па вул. Казлова, 26. Цяпер у ім знаходзіцца Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці і Цэнтральная лабараторыя мікрафільмавання і рэстаўрацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь.