Нягледзячы на глабальныя змены з таго часу, Кастрычніцкая рэвалюцыя і сёння не губляе свайго значэння як знамянальная падзея сусветнай гісторыі. Працягваючы шлях папярэднікаў, якія прайшлі праз самыя розныя выпрабаванні, жадаем сучаснікам захаваць і прымножыць дасягненні мінулага, традыцыі і суверэнітэт.
У рамках такой знамянальнай падзеі прапануем азнаёміцца з творамі на дадзеную тэму і фотаздымкамі беларускіх паэтаў з фондаў БДАМЛМ.
“Верш Мемарыяльныя дошкі”
Я змераў Мінск і ўпоперак і ўдоўжкі,
Спазнаў усе завулкі, тупікі…
I ўсюды бачу дошкі, дошкі, дошкі,
Прыбітыя, здаецца, на вякі.
Каля адных праходжу ціха міма,
Каля другіх зусім спыняю крок…
Зноў лістапад,
I ноч,
I зноў пад Мінскам
Рэвалюцыйны вее вецярок.
Далёкая суровая узнёсласць,
Мяне ты хвалявала ўжо не раз.
Вось тут Свярдлоў
Ад Леніна прынёс нам
I праўду,
I параду,
I наказ.
Тут Фрунзе пасылаў свае атрады
Раззброіць жандармерыю,
А там
Узводзілі мінчане барыкады,
Жыццём сваім.
Шлях церабілі нам…
Наўкол гамоніць племя маладое,
Я сёння іх ні ў чым не папракну.
Я ведаю:
Ад нас пяройдзе ўсё ім –
Цяжар жыцця
I праўда пра вайну.
Ад песень і ад смеху гулкі пошчак…
Ды прыйдзе непазбежны сталы час,
I каля гэтых непрыкметных дошчак
Яны яшчэ прыпыняцца не раз.
(П. Панчанка)
“Пад напевамі ветраў асенніх”
Пад напевамі ветраў асенніх,
Над прасцягам разложыстых гоняў
Карнаваліць жыццём вызвалення
Векапомны Кастрычнік сягоння.
I на вогнішчы буры віхрыстай,
На магіле мінуўшчыны дзікай,
Беларусь, над табой агнявіста
Новай квадры настаў маладзік!
Яго погляды – далі люстраныя,
Волі дух – сакаліны палёт,
Яго грудзі – уздым акіяна
Вольнай песняй вітаюць Заход.
Чую – там падымаецца лёскат,
Разліваецца полем аўсяным, –
Гэта звоніць кужэльная вёска,
Да Кастрычніка туліцца ўся.
I глядзіць туды вокам арліным,
Каб узняцца на крыллях вясенніх,
Дзе равуць вольнагучна машыны
Над краінай бяссмертнага Леніна.
Вольных песень стыхійныя хвалі
Вірабурна прыволлем буяняць
I нясуць у замежныя далі
Кліч прыгнечаным – кліч да змагання.
Прыдзе час, і пад снягам чырвоным
Ашлюбуецца з Нёманам Вісла,
I свабодаю Вільня зазвоніць, –
Хай панурыя хмары не віснуць!
Пад напевамі ветраў асенніх,
Над прасторам квітнеючых гоняў
Карнаваліць жыццём вызвалення
Векапомны Кастрычнік сягоння.
(П. Трус)
Выкарыстаныя фотаздымкі:
1 – П. Панчанка (246_1_47_005)
2 – П. Панчанка (213_1_164_002)
3 – П. Трус (407_1_233)