17.04.2026

БДАМЛМ ў разнавектарных даследаваннях літаратурнага працэсу

16 красавіка 2026 г. вядучы навуковы супрацоўнік аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) Дзмітрый Сяргеевіч Самахвалаў прыняў удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларускі літаратурны працэс: традыцыі і сучаснасць”, навуковым форуме, прысвечаным знакавай даце – 95-годдзю Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы (філіял Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі).

Даклад “Дакументальная спадчына І.П.Шамякіна і І.П.Мележа ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва” быў прадстаўлены на секцыі “Разнавектарнасць даследаванняў айчыннага літаратурнага працэсу”. Разам з ім на секцыі былі прадстаўлены даклады вядомых беларускіх філолагаў Таццяны Іванаўны Вабішэвіч “Матэрыялы да радавода Лявона Гмырака па матчынай лініі”, Сяргея Мікалаевіча Запрудскага “Газета “Звязда” як крыніца інфармацыі пра літаратурнае жыццё ў Беларусі (1923–1927)”, Чарнавокай Аляксандры Міхайлаўны “Трагічнае светаадчуванне ў беларускай літаратуры пачатку ХХ ст.” і інш. Праца секцыі суправаджалася дыскусіямі аб даследаваннях генеалогіі беларускіх пісьменнікаў, захаванасці дакументаў у архівах Беларусі і Польшчы, асобасных характарыстыках літаратурнага працэсу. БДАМЛМ з’яўляецца найбуйнейшым сховішчам матэрыялаў беларускіх літаратараў, а таму ўдзел яго прадстаўніка ў канферэнцыі меў важны практычны характар. У канцы працы секцыі яе ўдзельнікі наведалі Навукова-даследчы музей беларускага мастацтва і культуры.