27.06.2024

БДАМЛМ прыняў удзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: гісторыя і сучаснасць (да 80-годдзя вызвалення Беларусі)”

25 і 26 чэрвеня 2024 г. на базе Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з Міністэрствам абароны, Міністэрствам адукацыі, Дэпартаментам па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі і грамадскімі аб'яднаннямі краіны прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: гтсторыя і сучаснасць”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі.

У працы форуму ў змяшаным off-line і on-line фармаце прынялі ўдзел больш за 400 чалавек – прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў Беларусі, Генеральнай пракуратуры, айчынныя навукоўцы, гісторыкі, архівісты, краязнаўцы, прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці, работнікі сферы культуры, а таксама даследчыкі з Расіі, Таджыкістана, Узбекістана і Кыргызстана.

Мадэратарамі навуковага мерапрыемства выступілі акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, акадэмік, доктар гістарычных навук, прафесар А.А. Каваленя і дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук В.Л. Лакіза.

Удзельнікам і гасцям форуму было накіравана прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка. Працу канферэнцыі адкрыў галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, доктар эканамічных навук, дацэнт В.Л. Гурскі, які зачытаў прывітальны адрас Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэміка, доктара эканамічных навук, прафесара У.Р. Гусакова.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся: начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Л.У. Касінскі, дырэктар Інстытута расійскай гісторыі РАН, доктар гістарычных навук Ю.А. Пятроў і інш. У рамках пленарнага пасяджэння дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л. Воінаў прадставіў даклад “Аб рабоце дзяржаўных архіваў па захаванні гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны”.

Праца канферэнцыі прайшла ў адпаведнасці з храналагічна-тэматычным планам у рамках 3-х секцый: “Вялікая Айчынная вайна ў навуковым, культурным і мемарыяльным вымярэнні”, “Падзеі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннай эпохі. Гісторыя на старонках школьных падручнікаў” і “Нацысцкі акупацыйны рэжым і партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі (1941–1944 гг.)”.

У працы навуковага форуму прыняла ўдзел вядучы навуковы супрацоўнік аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў установы “Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва” (далей – БДАМЛМ), кандыдат гістарычных навук, дацэнт Скок Вераніка Пятроўна. Яе даклад “Роля дакументаў асабістага паходжання ў захаванні гістарычнай памяці (на прыкладзе ўспамінаў удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Цімафеевіча Каралёва)” быў прадстаўлены ў парадку дня работы секцыі № 1. Акцэнт у выступленні быў расстаўлены і на ўнікальную ролю БДАМЛМ як навукова-метадычнага цэнтра па працы з дакументамі асабістых архіваў.

На заключным пасяджэнні былі падведзены вынікі работы канферэнцыі і агучаны галоўны пасыл форуму – памяць аб ратным подзвігу савецкіх воінаў, мужным супраціўленні партызан і падпольшчыкаў, самаадданай працы працаўнікоў савецкага тылу, якія набліжалі Вялікую Перамогу і пакутах мірных жыхароў і пакутах мірных жыхароў акупаваных тэрыторый мы павінны захаваць і перадаць будучым пакаленням.

Галерэя малюнкаў