29.11.2024

БДАМЛМ прыняў удзел у конкурсе "Лепшы архівіст Беларусі"

27 – 28 лістапада 2024 года адбыўся прафесійны конкурс «Лепшы архівіст Беларусі», прысвечаны тэме «Беларусь памятае... Малавядомыя факты аб Вялікай Айчыннай вайне ў архіўных дакументах».

У дадзеным конкурсе прыняла ўдзел вядучы архівіст аддзела архіваў арганізацый і фарміравання НАФ Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) Наталля Паўлаўна Прынько. Для першага этапу конкурсу яна падрыхтавала і прадставіла работу «Беларусь памятае... Вялікая Айчынная вайна ў новых паступленнях (па фондах БДАМЛМ)», прысвечаную беларускім літаратарам, журналістам, кінааператарам і мастакам — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх былі і тыя, хто сустрэў вайну ў юным узросце. Але так ці інакш іх творчасць прысвечана тэме вайны.

На другім этапе конкурсу Н.П.Прынько прадставіла самапрэзентацыю і прэзентацыю конкурснай работы, выканала пісьмовыя і практычныя заданні па пытаннях гісторыі, тэорыі і практыкі архіўнай справы. Яе работа знайшла пазітыўны водгук сярод удзельнікаў і членаў журы. Віншуем Н.П.Прынько з паспяховым праходжаннем конкурсу!