09.02.2024

БДАМЛМ прыняў удзел у адкрыцці сумеснай выставы да 110-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая ў Лідзе

8 лютага 2024 года супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва – загадчык аддзела навуковага апісання дакументаў асабістага паходжання Вольга Фёдараўна Шаталава і вядучы архівіст Наталля Аляксандраўна Мізон – узялі ўдзел у адкрыцці сумеснай выставы “У Дом твой сцежка прывяла сама…”, прысвечанай 110-годдзю з дня нараджэння паэта, літаратуразнаўцы і грамадскага дзеяча Валянціна Таўлая, на пляцоўцы Лідскага гісторыка-мастацкага музея. У праграму мерапрыемства таксама ўвайшлі аўтобуснае падарожжа па мясцінах В. Таўлая ў Лідзе, інсцэніраваныя аповеды пра жыццё і побыт паэта, сустрэча з яго сваякамі і інш.

Валянцін Паўлавіч Таўлай (1914–1947) нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Скончыў польскую школу ў Лідзе. Паступіў у Слонімскую настаўніцкую гімназію, адкуль у 1925 годзе быў выключаны за адмову запісацца палякам. У 1927–1929 гадах вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. За падпольную камсамольскую дзейнасць быў арыштаваны і ў 1929–1930 гадах знаходзіўся ў Слонімскай і Гродзенскай турмах. З кастрычніка 1930 года жыў у БССР (працаваў інструктарам райкама камсамола ў Рэчыцы, у газеце “Звязда”, вучыўся на газетным аддзяленні літфака БДУ). Са снежня 1932 года – накіраваны на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь (член рэдакцыі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў Варшаве, адзін з рэдактараў “Беларускай газеты” і інш.) 4 студзеня 1934 года арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў турмы ў Гродзенскі астрог, пазней прысуджаны да да расстрэлу 22 верасня 1939 года і вызвалены салдатамі Чырвонай Арміі. Працаваў у лідскай газеце “Уперад”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1941 года. У часы Вялікай Айчыннай вайны – сувязны партызанскага атрада Р. Катоўскага брыгады імя Ф. Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння, кіраўнік навагрудскай агентурнай сеткі спецгрупы “Буревестник”. У 1943 годзе разам з бацькамі і малодшай сястрой арыштаваны СД у Лідзе, цудам вызвалены пры дапамозе мясцовых дзеячаў. У 1945–1947 гадах – адзін са стваральнікаў і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.

Выстава “У Дом твой сцежка прывяла сама…” – першае мерапрыемства БДАМЛМ да 85-годдзя ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі.