На мерапрыемстве адбылася прэзентацыя асветніцкага віртуальнага праекта, які быў падрыхтаваны супрацоўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі сумесна з музеем У. Г. Мулявіна Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь – з мэтай папулярызацыі спадчыны ансамбля сярод шырокай аўдыторыі, у тым ліку сучаснай моладзі.
З прывітальным словам выступіла намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Л.Ю.Высоцкая. Галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Ю.У.Амосава распавяла аб віртуальным праекце “Песняры”: малітва галасоў і сэрцаў”. Дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка падчас свайго выступлення выказала меркаванне аб важнай ролі архіваў у захаванні культурнай спадчыны. Дакументы з архіваў дапамагаюць аднавіць кантэкст часу, у якім ствараліся творы, а таксама даюць магчымасць убачыць, як мяняўся стыль і рэпертуар ансамбля на працягу дзесяцігоддзяў.
Падчас імпрэзы прайшла дэманстрацыя выстаўкі, прымеркаванай да юбілею музычнага калектыву, на якой прысутныя пазнаёміліся з анталогіяй творчай спадчыны Уладзіміра Мулявіна і ансамбля «Песняры».
Святочную і шчырую атмасферу вечара стварылі ганаровыя госці – Уладзіслаў Місевіч – адзін з заснавальнікаў ансамбля “Песняры”, Уладзімір Ткачэнка – адзін з былых удзельнікаў ансамбля “Песняры”, дырэктар Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2 імя М.І.Аладава Аляксандр Церахаў, а таксама вучні і педагогі гэтай установы, якія выступілі з музычнымі нумарамі.
У выніку сустрэчы А.А.Макаранкі з дачкой У.Г.Мулявіна – В.У.Мулявінай была дасягнута дамоўленасць аб наведванні ёю БДАМЛМ.