Першы дзень семінара праходзіў у будынку Новага Архіўнага комплексу Санкт-Пецярбурга на Занеўскім праспекце, д. 54, другі дзень – у Дзяржаўным музеі-запаведніку «Паўлаўск», а трэці дзень – на пляцоўках ЛЗЗД ДАУ СПб і ЦДА СПб.
На семінары прагучала 38 дакладаў спецыялістаў з архіваў, бібліятэк і музеяў, якія абмяркоўвалі асаблівасці камплектавання, навуковага апісання і выкарыстання фондаў асабістага паходжання і калекцый дакументаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і жыхароў блакаднага Ленінграда. Яго ўдзельнікамі з’яўляліся прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь і дваццаці сямі рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.
У сваім дакладзе “Новыя паступленні дакументаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва” А.А.Макаранка расказала аб рабоце па камплектаванні дакументамі дзеячаў літаратуры і мастацтва — удзельнікаў вайны ў архіве-музеі на сучасным этапе.
Круглы стол, праведзены ЛЗЗД ДАУ СПб, быў прысвечаны традыцыйным метадам рэстаўрацыі архіўных дакументаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны і новым падыходам, выпрацаваным пры дапамозе сучасных сродкаў і абсталявання.
Падчас мерапрыемстваў удзельнікі азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай ЦДАЛМ, ЦДА і ЛЗЗД ДАУ СПб. Асаблівая ўвага была нададзена перспектывам узаемадзеяння ў сферы архіўнай справы, правядзення сумесных культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, а таксама абмену лепшымі практыкамі ў вобласці захавання і папулярызацыі дакументальнай спадчыны.
БДАМЛМ выказвае шчырую падзяку кіраўніцтву і работнікам ЦДАЛМ і ЛЗЗД ДАУ СПб за арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў на высокім прафесійным узроўні.

