Мерапрыемства арганізавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, пры падтрымцы Міністэрства культуры, Саюза пісьменнікаў Беларусі, сваякоў З.Бядулі і падтрымцы соцень неабыякавых беларусаў, якія ўдзельнічалі ў дабрачынным зборы сродкаў.
Змітрок Бядуля (Самуіл (Шмуэл-Нахім) Плаўнік) у 1910 годзе з’яўляўся пастаянным аўтарам віленскай газеты “Наша Ніва”. Друкаваўся пад псеўданімамі Саша Пл-ік, Ясакар. З 1912 года ў Вільні працаваў разам з Янкам Купалам у рэдакцыі згаданай газеты, але ў 1915 годзе вярнуўся да бацькоў у Пасадзец. Потым жыў у Мінску, працаваў у Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны. З 1920 года некалькі гадоў працаваў у газеце “Савецкая Беларусь”, рэдагаваў дзіцячы часопіс “Зоркі”. Працаваў у Інстытуце беларускай культуры, быў першым рэдактарам краязнаўча-этнаграфічнага часопіса “Наш край”. Уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, пасля – ва “Узвышша”. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.
Найбольш вядомыя яго вершаваныя творы — “Палескія байкі” (1922) і паэма “Ярыла” (1922), празаічныя — аповесць “Салавей” (1927), зборнік апавяданняў “Незвычайныя гісторыі” (1931) і раман “Язэп Крушынскі” (1929—1932). У 1939 годзе выйшла аўтабіяграфічная аповесць “У дрымучых лясах”.
У 1941 годзе пісьменнік эвакуіраваўся з Мінска. У эвакуацыі жыў спачатку ў Піжме Горкаўскай вобласці, потым, да канца кастрычніка 1941 года, у пасёлку Новыя Бурасы Саратаўскай вобласці, дзе ўз’яднаўся з сям’ёй. Падчас наступнай эвакуацыі на ўсход раптоўна памёр ад інфаркту міякарда ў цягніку ў раёне Уральска ў Казахстане, дзе і быў пахаваны.
У савецкія гады вярнуць прах класіка беларускай літаратуры ў рэспубліку спрабавалі шэсць разоў, але па розных прычынах усё зрывалася. У лютым 2020 года рэшткі Змітрака Бядулі былі эксгумаваны і дастаўлены ў Беларусь. Згодна пажаданню сваякоў рэшткі захоўваліся з блаславення мітрапаліта ў Ільінскай царкве ў Бабруйску. 3 лістапада гэтага ж года рэшткі былі перапахаваны на Усходніх могілках Мінска. 3 лістапада 2025 года ўсталяваны каменны помнік з надпісам па-беларуску аўтарскага калектыва — скульптара С.Л.Гумілеўскага і архітэктара В.І.Карака.
Сёння, як і заўсёды БДАМЛМ, захоўвае памяць аб дзеячах беларускай літаратуры і падтрымлівае важныя пачынанні, звязаныя з іх заслужаным ушанаваннем.

